BE RU EN

Беларусь на парозе тэхнагеннай катастрофы

  • 26.10.2009, 9:29

Зношанасць абсталявання, станкоў і транспарта ў Беларусі дасягае 70-80 адсоткаў.

Летась Міжнародная фінансавая карпарацыя правяла даследаванне практыкі энергазберажэння на беларускіх прадпрыемствах. Высветлілася, што 41 адсотак айчынных прадпрыемстваў эксплуатуюць абсталяванне больш чым 15-гадоўвай даўніны. Асабліва вызначыліся ў гэтай статыстыцы хімічная і нафтахімічная галіна краіны, дзе такіх прадпрыемстваў цэлых 53 адсоткі, піша газета «Заўтра тваёй краіны».

-- У цэлым у прамысловасці, паводле статыстыкі, зношанасць актыўнай часткі асноўных сродкаў (абсталявання, станкоў, транспарта) дасягае 70-80 адсоткаў, -- адзначае доктар эканамічных навук, загадчык кафедры фінансавага крэдыту Менскага інстытута кіравання Барыс Жаліба. -- У той час калі 60 адсоткаў зносу ўжо лічацца лімітна высокім узроўнем.

Па словах эканаміста, эксплуатацыя такога абсталявання неэфектыўная і небяспечная.

-- Па-першае, прадукцыйнасць абсталявання старэйшага за 10 гадоў ніжэй, чым у таго, пры вытворчасці якога выкарыстоўваюцца больш сучасныя тэхналогіі, -- тлумачыць Барыс Жаліба. – Таксама старое абсталяванне нясе больш высокія эксплутацыйныя выдаткі, бо выдаткі на абслугоўванне і колькасць выпадкаў выхаду яго са строю падвышаецца ў выніку натуральнай зношанасці. Такім чынам, губляецца канкурэнтаздольнасць прадукцыі.

Дарэчы, у даследаванні Міжнароднай фінансавай карпарацыі сцвярджаецца, што, напрыклад, у харчовым сектары, дзе эксплуатацыя абсталявання 15-гадовага ўзросту і старэй складае толькі 23 адсоткі, у 2007 годзе павялічыўся аб'ем продажаў у параўнанні з папярэднім годам на 10 адсоткаў.

-- Выклікае асцярогі, што высокая зношанасць на прадпрыемствах хімічнай і нафтахімічнай галіны, якая мае агрэсіўныя асяроддзі, ёмістасці з вогненебяспечнымі вадкасцямі, – кажа Барыс Жаліба. -- Гэта патэнцыйная пагроза так званых тэхнагенных аварыяў. Не менш зношаны наш чыгуначны транспарт, які перавозіць небяспечныя выбуховыя грузы.

Выйсце адзінае – абнаўленне асноўных сродкаў.

-- Але грошай няма, -- аналізуе сітуацыю Барыс Жаліба. -- Каэфіцыент абнаўлення абсталявання ў Беларусі складае 1-3 адсоткі. Гэта значыць, што асноўныя сродкі мы зможам абнавіць толькі за паўстагоддзя!

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, у Беларусі ёсць пажаданні па мадэрнізацыі прамысловасці, але яны не рэалізуюцца, таму што ў нас недастаткова сваіх інвестыцыяў, няма распрацаваных айчынных тэхналогіяў.

У гэтай сітуацыі перад урадам стаіць задача прыцягваць сучасныя тэхналогіі на прадпрыемствы, імпартныя крыніцы фінансавання. Але вырашаецца гэтая задача павольней, чым хацелася б.

-- Без заходніх тэхналогіяў і заходняга капіталу мы не абыйдземся, -- рэзюмуе Леанід Злотнікаў. -- Па некаторых падліках, каб сур'ёзна абнавіць беларускую прамысловасць, у асноўныя сродкі трэба ўкласці некалькі дзясяткаў мільярдаў даляраў. Унутры краіны такіх грошай мы не знойдзем.

Прамыя замежныя інвестыцыі, па словах эксперта «Заўтра тваёй краіны», складаюць у аб'ёме інвестыцыяў у асноўныя фонды ўсяго 1-2 адсоткі, у той час як у Расеі – 16 адсоткаў.

Заўвага www.charter97.org: Трэба таксама адзначыць, што крэдыты МВФ, якія вылучаюцца сёння Беларусі, ідуць на ўсё, што заўгодна, толькі не на мадэрнізацыю вытворчасці. Замест гэтага ў Беларусі ладзяць ваенныя парады, маштабныя антынатаўскія манеўры з Расеяй, будуюцца чарговыя лядовыя арэны.

Апошнія навіны