Беларускім уладам не хапае грошай на ўдзел у сусветнай выставе ў Кітаі
- 26.10.2009, 12:27
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі даў указанне шукаць сродкі ў пазабюджэтных крыніцах.
Як паведамляе «Ежедневник», беларускаму ўраду не хапае сродкаў на арганізацыю Нацыянальнай экспазіцыі на Сусветнай выставе «ЭКСПА-2010» у Шанхаі. Прэм'ер-міністр даў указанне забяспечыць прыцягненне сродкаў з пазабюджэтных крыніцаў.
Беларусь упершыню прыме ўдзел у такім мерапрыемстве. Сусветная выстава «ЭКСПА-2010» доўжыцца шэсць месяцаў. У ёй прымуць удзел больш за 200 краінаў. Чакаецца, што ўсе экспазіцыі наведаюць звыш за 70 мільёнаў наведнікаў, а беларускі стэнд - не менш за 2-5 мільёнаў.
Паводле планаў нацыянальная экспазіцыя рэспублікі зойме на выставе каля 1 тыс.кв.метраў і будзе падзеленая на чатыры часткі, у якіх будзе прадстаўленая гарадская інфраструктура Менска, аднаго абласнога горада, раённага цэнтра і аграгарадка. З дапамогай макетаў, слайдаў, плазменных экранаў плануецца прадэманстраваць, наколькі нашыя гарады прыстасаваныя для жыцця людзей, як арганізаванае падаванне камунальных паслугаў, медыцынскай дапамогі, адукацыі і гэтак далей.
Раней планавалася, што ўсе выдаткі возьме на сябе дзяржава, у сувязі з гэтым у рэспубліканскі бюджэт быў уведзены нават спецыяльны артыкул. Цяпер урад даў каманду шукаць іншыя крыніцы фінансавання, каб пакрыць дэфіцыт сродкаў.
Але самая вялікая інтрыга захоўваецца вакол таго, якім чынам арганізацыйны камітэт і асабліва аблвыканкамы будуць шукаць сродкі для ўдзелу Беларусі ў ЭКСПА-2010.
Сусветная выстава ЭКСПА -- міжнародная выстава, якая з'яўляецца сімвалам індустрыялізацыі і адкрытай пляцоўкай для дэманстрацыі тэхнічных і тэхналагічных дасягненняў з ўсяго свету.
Першая сусветная выстава была праведзеная ў Гайд-парку ў Лондане з ініцыятывы прынца Альберта. Галоўнай славутасцю выставы быў Крышталёвы палац, збудаваны Джозафам Пакстанам з жалеза і шкла. Апошняя Сусветная выстава ЭКСПА-2008 адбылася ў Сарагосе (Гішпанія), Беларусь у ёй не ўдзельнічала.