Праваабаронцы абвесцілі байкот перапісу з-за самаўпраўнасці ўладаў
- 27.10.2009, 10:18
29 жанчынаў з Менска, Салігорска, Віцебску, Наваполацка і Бабруйска накіравалі зварот Аляксандру Лукашэнку.
У ім жанчыны заяўляюць, што адмовіліся ад удзелу ў перапісу насельніцтва з-за парушэння іх правоў. Усе жанчыны з'яўляюцца пацярпелымі ад асабліва цяжкіх злачынстваў альбо не згодныя з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах ці крымінальных справах сваіх блізкіх, паведаміла БелаПАН жыхарка Віцебску Марына Данілава.
У звароце жанчыны, у прыватнасці, адзначаюць, што на працягу апошніх гадоў яны спрабуюць рэалізаваць сваё права на атрыманне адказаў па сутнасці ад чыноўнікаў суду і пракуратуры, ад якіх залежыць іх лёс і лёс іх блізкіх.
«Каб прыцягнуць увагу дзяржавы і грамадства да праблемы адпісак, мы 18 разоў звярталіся да прэзідэнта, у тым ліку праз СМІ, а таксама правялі дзесяткі акцыяў. Штомесяц мы прыходзім на прыём да старшыні Вярхоўнага суда і генеральнаму пракурору, аднак чыноўнікі адмаўляюцца вырашаць гэтую праблему. Дзяржаўныя службоўцы суду і пракуратуры занялі «кругавую абарону» і працягваюць даваць адпіскі, бо ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасці. А мы ходзім па коле: суд — пракуратура — Міністэрства юстыцыі — Міністэрства ўнутраных справаў — адміністрацыя прэзідэнта. Мы як на іпадроме вядзем гэты бясконцы марш», — кажацца ў звароце.
Яго аўтары заяўляюць: «Паколькі дзяржава грэбуе нашымі правамі, мы адмовіліся ўдзельнічаць у перапісе насельніцтва».
Па словах Марыны Данілавай, яе сын Аляксандр Корсак у 2007 годзе асуджаны на 23 гады пазбаўлення волі за забойства стрыечнага брата і яго дзяўчыны «з асабістых непрыязных адносінаў». «Бацька забітага не верыць, што трагедыя адбылася па віне пляменніка, звяртаецца ў органы суду і пракуратуры, патрабуючы перагляду крымінальнага справы. Аднак на свае довады аб павярхоўным расследаванні абставінаў трагедыі бацька забітага атрымлівае толькі фармальныя адпіскі», — сказала Данілава.
Юрыст Тамара Сяргей адзначыла, што паводле арт. 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь «дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоваў для свабоднага і годнага развіцця асобы». Такім чынам, паводле яе словаў, перш чым патрабаваць выканання законаў ад грамадзянаў, дзяржаўныя чыноўнікі абавязаныя самі іх няўхільна выконваць.