BE RU EN

Дзярждэпартамент ЗША: Беларускі рэжым абмяжоўвае рэлігійную свабоду

  • 27.10.2009, 16:35

У штогадовай справаздачы Дзяржаўнага дэпартамента ЗША аб сітуацыі са свабодай веравызнання ў свеце Беларусь рэзка раскрытыкаваная.

Як паведамляе «Радыё Свабода», у справаздачы Дзярждэпартамента Беларусь залічаная да краін, у якіх няма поўнай рэлігійнай свабоды для ўсіх вернікаў.

«Улады прымушалі шматлікія рэлігійныя абшчыны чакаць рэгістрацыі ці вяртання маёмасці па некалькі гадоў», — гаворыцца ў дакладзе Дзярждэпа ЗША, які ахоплівае перыяд з 1 ліпеня 2008 года да 30 чэрвеня 2009.

«Улады пераследвалі і штрафавалі сяброў некаторых рэлігійных абшчын, асабліва тых, якія лічацца носьбітамі замежнага культурнага або палітычнага ўплыву. Асабліва пратэстанты выклікалі негатыўнае стаўленне. Замежным місіянерам, духавенству і гуманітарным супрацоўнікам, звязаным з царкоўнымі арганізацыямі, урад чыніў шмат перашкодаў, уключна з дэпартацыяй і скасаваннем віз. У разгледзеным перыядзе абмежаванні на духавенства з-за мяжы ўзраслі».

Справаздача адзначае, што ў адносінах да абшчын тых веравызнанняў, якіх закон аб веравызнаннях ад 2002 года не залічвае да традыцыйных, афіцыйныя асобы часта карыстаюцца зняважлівым тэрмінам «секта».

Справаздача пералічвае шматлікія прыклады абмежаванняў, якія ўлады накладалі на рэлігійнае жыццё духоўнікаў і абшчын як «нетрадыцыйных», так і «традыцыйных» веравызнанняў у краіне.

У прыватнасці, дакумэнт згадвае адмову на падаўжэнне віз тром каталіцкім ксяндзам з Польшчы у снежні 2008 года; затрыманне і дэпартацыю пратэстанцкага епіскапа з Украіны у кастрычніку 2008 года, дэпартацыю дацкіх бізнэсмэнаў і гуманітарных супрацоўнікаў з прычыны незаконнай рэлігійнай дзейнасці ў лютым 2009 года; і пералічвае шмат прозвішчаў людзей, якія былі аштрафаваныя і/або затрыманыя за парушэнні закону аб масавых мерапрыемствах у сувязі са сваёй рэлігійнай актыўнасцю.

Справаздача таксама нагадвае, што ў Беларусі выкарыстоўваюцца падручнікі, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі, у якіх у адносінах да розных пратэстанцкіх абшчын ужываецца азначэнне «секта».

Апошнія навіны