Знішчэнне мемарыяльных крыжоў для міліцыі не злачынства?
- 29.10.2009, 13:41
Віцебскі РУУС вырашыў не заводзіць крымінальную справу супраць людзей, якія знішчылі памятныя крыжы каля вёсак Паляі, на месцы масавых расстрэлаў ахвяраў сталінізму.
Як перадае «Радыё Свабода», пра гэта кажацца ў пісьмовым адказе начальніка Віцебскага РУУС, які атрымалі дэмакратычныя актывісты.
Па словах каардынатара стваранай партыі БХД Таццяны Севярынец, якая пісала заяву ў Віцебскі РУУС, рашэнне пра адмову заводзіць крымінальную справу было прынятае 24 кастрычніка, аднак ліст з міліцыі яна атрымала толькі зараз.
У ім напісана, што праверку па факце знікнення крыжоў праводзіў участковы, маёр Сяргей Субоцін. Ён заявіў, што сведак здарэння не было, і сцвярджае, што вызначыць асобы злачынцаў немагчыма. Таму і крымінальную справу заводзіць не будуць.
Супрацоўнікі міліцыі ацанілі маёмасць - тры драўляныя крыжы, пастаўленыя ў розны час віцебскімі апазіцыянерамі - у 132 тысячы 450 рублёў. Столькі каштуюць тры звычайныя надмагільныя крыжы паводле звестак Віцебскага спецкамбіната.
Таццяна Севярынец абражаная падыходам міліцыі, бо неаднаразова заяўляла, што мемарыяльныя крыжы на месцы масавага забойства людзей не маюць кошту. Апазіцыянерка лічыць, што ёй даслалі адпіску і міліцыя больш не збіраецца шукаць вінаватых.
Знікненне крыжоў было заўважанае 25 верасня 2009 года. У той самы дзень віцебскія апазіцыянеры падалі заяву ў Воранаўскі сельсавет і райаддзел міліцыі з просьбай знайсці і пакараць злачынцаў.