Лаўроў: «Расея, Беларусь і Казахстан будуць далучацца да СГА сінхронна»
- 25.11.2009, 14:38
Расея заяўляе, што ўдзел Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства» не будзе канкураваць з яе ўдзелам у СНД, ЕўрАзЭС і Мытным саюзе.
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў на прэс-канферэнцыі 25 лістапада ў Маскве, дзе праходзіць паседжанне сумеснай калегіі МЗС Расеі і Беларусі. Як паведамляе «Радыё Свабода», абедзьве дэлегацыі ўзначальваюць міністры замежных спраў.
«Мы вывучаем прапановы пра нашае далучэнне да тых ці іншых праектаў у рамках «Усходняга партнёрства». Мы гэтага для сябе не выключаем і будзем разглядаць кожны канкрэтны праект згодна з яго карысцю», -- заявіў міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.
Ён паведаміў, што Масква «сочыць за агульнай эвалюцыяй праграмы «Усходняе партнёрства», якая толькі пачынае пераходзіць да практычных спраў».
«Нашыя беларускія сябры выразна нам пацвердзілі, што іх удзел у праектах «Усходняга партнёрства» не будзе наносіць ніякай страты, не будзе супернічаць з актыўным удзелам Беларусі ў інтэграцыйных працэсах на прасторы СНД, уключаючы ЕўрАзЭС і Мытны саюз», — цытуе Лаўрова РИА Новости.
Сяргей Лаўроў пацвердзіў таксама, што Расея, Беларусь і Казахстан будуць далучацца да Сусветнай гандлёвай арганізацыі сінхронна. Датычна працэдуры ўступлення, то «тут у нашых дзяржаў пазіцыя гнуткая», -- адзначыў кіраўнік расейскага МЗС.
Паводле інфармацыі «Інтэрфакса», у сваю чаргу кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў заявіў, што «Расея павінна ўключыцца ў праектную дзейнасць у частцы «Усходняга партнёрства».
Нагадаем, што ў праграму Еўразвяза «Усходняе партнёрства» запрошаны Малдова, Беларусь, Украіна, Грузія, Арменія і Азербайджан. Праграма прадугледжвае фінансавую дапамогу ЕЗ гэтым краінам у правядзенні палітычных, эканамічных і сацыяльных рэформаў.