BE RU EN

Мастак з Талачына забарыкадаваўся ў сваёй майстэрні

  • 27.11.2009, 9:22

Улады пагражаюць ліквідаваць майстэрню і зруйнаваць будынак, зроблены з бярвенняў старой царквы.

Мастак Юры Мяккі пераехаў у вёску Славені Талачынскага раёна Віцебскай вобласці з Менска ў канцы 1980-х. У будынку майстэрні, у якой раней працаваў іншы мясцовы мастак Юры Палякаў, вясковыя дзеці вучыліся мастацтву. Юры Мяккі працягнуў гэтую справу. Па словах мастака, мясцовыя ўлады садзейнічалі такой ініцыятыве, але ў 2007 годзе паведамілі, што майстэрню зачыняюць, каб перанесці туды вясковую бібліятэку, паведамляе «Наша Ніва».

«Нам паставілі ўмову - адкрыць у будынку аддзяленне Талачынскай школы мастацтваў. Я пагадзіўся і адкрыў мастацкі клас, але з'явіліся новыя праблемы - на існаванне мастацкага класа не было вылучана ні капейкі», - кажа Мяккі.

У 2009 годзе Мяккі звольніўся, але працягваў працаваць у майстэрні і займацца з адоранымі дзецьмі. Аднойчы, прыехаўшы з Менску, ён заўважыў, што ў частка парка, дзе раслі старажытныя дрэвы, знішчаная. Высветлілася, што райвыканкам не даваў загаду на знішчэнне парка, а гэта па ўласнай ініцыятыве зрабіла дырэктарка Славенскай школы.

Мяккі намаляваў плакаты супраць вынішчэння парка і выставіў у вокнах майстэрні. Як сцвярджае мастак, на наступны дзень туды пранікла супрацоўніца школы і скрала плакаты. Пасля гэтага да яго сталі ўжывацца рэпрэсіі. Загадчык аддзела Талачынскага райвыканкама Аляксандр Ражанскі папярэдзіў мастака, каб той вынес свае рэчы з майстэрні, бо яе збіраюцца зносіць.

У чацвер 26 лістапада мастак зачыніўся ў майстэрні, каб абараняць яе да канца. Пакуль будынак не чапаюць. Па словах Юрыя Мяккага, 26 лістапада ў Талачынскі раён прыехала праверка з Міністэрства культуры.

Апошнія навіны