Невядомыя выкралі моладзевага лідэра Артура Фінькевіча
- 27.11.2009, 18:09
Лідэра руху «Маладая Беларусь» Артура Фінькевіча схапілі шасцёра невядомых мужчын, як толькі ён выйшаў з пад’езду свайго дома.
Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла бабуля моладзевага актывіста. Жанчына заявіла, што невядомыя людзі ў цывільным павалілі Артура Фінькевіча з ног і пацягнулі ў машыну.
Сваякі хлопца занепакоеныя. Летась 19 снежня яго схапілі каля пад’езду дома на вуліцы Макаёнка. Тады маладзёну нацягнулі на галаву куртку, зацягнулі ў машыну і збілі. Затым у Фінькевіча адабралі мабільны тэлефон і выкінулі з машыны недалёка ад Валожына (Менскі раён). Міліцыя распачала крымінальную справу па факце тых падзеяў, але злачынцаў так і не знайшлі.
Паплечнікі Артура Фінькевіча не выключаюць, што яго маглі гвалтоўна павезьці ў ваенкамат, каб забраць у войска дзеля ізаляцыі ад палітычнага жыцця краіны.