Беларускія ўлады накіруюць на Каўказ камісію па прызнанні Паўднёвай Асеціі і Абхазіі
- 5.11.2009, 13:47
Беларусь накіруе ў Паўднёвую Асецію і Абхазію парламенцкую камісію, якая павінна будзе ацаніць магчымасць прызнання гэтых рэспублік.
Пра гэта паведамляе РИА Новости са спасылкай на старшыню камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага схода» Беларусі Сяргея Маскевіча.
Паводле яго словаў, камісія, у якую войдуць каля дзесяці «парламентароў», наведае не толькі Цхінвалі і Сухумі, але і Тбілісі.
Як патлумачыў Маскевіч, беларускія «дэпутаты» і сенатары маюць намер на месцы вывучыць сітуацыю для прыняцця рашэння аб прызнанні ці непрызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
«Палатачнікі» хочуць пагутарыць не толькі з кіраўнікамі, але і простымі жыхарамі рэспублік.
Паводле вынікаў візіту чальцы камісіі мусяць выпрацаваць рэкамендацыі «палаце прадстаўнікоў» - прызнаваць ці не прызнаваць новыя дзяржавы.
Як чакаецца, беларускі «парламент» распачне вывучэнне такой магчымасці на наступным тыдні.
Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што яго краіна «з чалавечых меркаванняў» даўно мусіла падтрымаць Расею ў пытанні прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, аднак не магла гэтага зрабіць з-за ціску з боку расейскіх СМІ.
Паводле прэзідэнта, «камусьці ў Расеі» хацелася «неяк схіліць» Беларусь. «У СМІ нас пачалі проста цкаваць», - паскардзіўся беларускі лідэр 2 кастрычніка.
Як вядома, незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі прызналі толькі Расея, Венесуэла і Нікарагуа.
Грузія, у сваю чаргу, заяўляе, што ніколі не пагадзіцца з незалежнасцю Цхінвалі і Сухумі.