BE RU EN

Расея і Грузія могуць хуткім часам адкрыць мяжу

  • 6.11.2009, 12:47

Расея і Грузія практычна дамовіліся пра адкрыццё КПП «Верхні Ларс» на мяжы дзвюх краін, піша газета «Коммерсант».

Масква і Тбілісі вядуць тэхнічныя перамовы ў закрытым рэжыме, не камунікуючы наўпрост адно з адным, а кантактуючы праз Арменію. Факт перамоваў, якія прайшлі ў Ерэване на мінулым тыдні, выданню пацвердзілі ў міністэрствах замежных спраў як Расеі, так і Грузіі.

Сухапутная мяжа паміж Грузіяй і РФ была зачынена ў 2006 годзе пасля арышту ў Тбілісі расейскіх афіцэраў. Паводле афіцыйнай версіі, пункт пропуску «Верхні Ларс» быў закрыты для рамонту.

Як піша «Время новостей», у траўні трохгадовы рамонт скончыўся, і Расея прапанавала Грузіі адчыніць мяжу. Аднак у Тбілісі настойвалі на перамовах праз пасярэднікаў. Паводле дадзеных выдання, Грузія лічыць КПП «Верхні Ларс» адзіным законным пунктам пропуску паміж дзвюмя краінамі, бо астатнія знаходзяцца ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Першая сустрэча на ўзроўні экспертаў прайшла ў канцы кастрычніка ў Ерэване. Паводле дадзеных крыніцы «Коммерсанта» ў МЗС РФ, на ёй былі ўзгоднены практычна ўсе пытанні, якія тычацца пачатку працы КПП. «Зараз справа за рашэннем адкрыць пункты - чакаем адпаведнага сігналу з Тбілісі», - дадаў суразмоўца выдання.

Як чакаецца, Савет нацыянальнай бяспекі Грузіі разгледзіць мэтазгоднасць аднаўлення працы КПП гэтымі днямі.

Апошнія навіны