Грызлоў: Беларусь блізкая да прызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі
- 6.11.2009, 13:35
Расея вітае намер афіцыйнага Менска разгледзець пытанне аб прызнанні незалежнымі грузінскіх тэрыторыяў.
Старшыня Дзярждумы і Парламенцкага сходу «саюза» Беларусі і Расеі Барыс Грызлоў разлічвае, што стварэнне ў беларускім «парламенце» працоўнай групы па падрыхтоўцы да разгляду зваротаў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі прызнання незалежнасці «наблізіць нашых беларускіх калегаў да прыняцця неабходнага рашэння» па гэтым пытанні.
Як перадае прэс-служба думскай фракцыі «Адзінай Расеі», пра гэта Грызлоў заявіў у пятніцу, 6 лістапада, журналістам, каментуючы рашэнне Менска.
«Гэтага рашэння чакаюць жыхары двух гэтых дзяржаваў», - падкрэсліў спікер. «Калі нашым беларускім калегам у межах дзейнасці працоўнай групы спатрэбіцца якое-небудзь садзейнічанне з боку дэпутатаў Дзяржаўнай Думы, дык мы, безумоўна, гатовыя аказаць такую дапамогу», - паабяцаў ён.
Нагадаем, беларускі «парламент» прыняў у чацвер, 5 лістапада, рашэнне аб стварэнні ў Савеце «палаты прадстаўнікоў» працоўнай групы па падрыхтоўцы і разгляду звароту Паўднёвай Асеціі і Абхазіі аб прызнанні незалежнасці гэтых двух рэспублікаў.
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Макей, выступаючы 4 лістапада на Менскам форуме, які праходзіў у сталіцы Беларусі, заявіў, што беларуская «палатка» на наступным тыдні разгледзіць пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і ПА.
«На наступным тыдні «парламент» пачне разглядаць пытанне аб магчымасці прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі», - сказаў Макей.
Упаўнаважаны па пытаннях Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі МЗС ФРГ Ханс-Дзітэр Лукас, выступаючы 5 лістапада на XII Менскім форуме, заявіў, што магчымае прызнанне Беларуссю незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі не адпавядала б духу супрацоўніцтва і наўрад ці палегчыць яго ў межах палітыкі «Усходняе партнёрства».
Прадстаўнік МЗС ФРГ назваў «відавочнай» пазіцыю ЕЗ па гэтым пытанні, паколькі незалежнасць гэтых рэгіёнаў не прызнала ніводная краіна Еўразвяза, а таксама ніводная з іншых краінаў — партнёраў новай палітыкі ЕЗ.