З-за страт «Белсолада» могуць быць падвышаны акцызы на піва
- 6.11.2009, 13:45
Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка.
«Пытанне аб павелічэнні акцыз на піва разглядаецца ў якасці механізма, які дапаможа кампенсаваць страты «Белсолада» у сувязі з падзеннем цэн на солад на сусветным рынку», - патлумачыў Іван Данчанка.
Калі раней кошт адной тоны соладу складаў $500-700, то зараз ён знізіўся да $240-250. Сёлета «Белсолад» набываў ячмень за $170 за тону, у той час як на элеватары гэты кошт складаў $200-210, перадае БелТА.
«Для таго каб «Белсолад» вырабляў канкурэнтаздольны солад, неабходна каб цана на ячмень складала каля $120, - сказаў прадстаўнік «Белдзяржхарчпрама». – Пакуль рынак не зменіцца, прадпрыемства будзе несці вялікія страты пры рэалізацыі сваёй прадукцыі». У сувязі з гэтым і разглядаецца пытанне аб падвышэнні акцыз на піва. Разам з тым прапрацоўваецца магчымасць зніжэння цэн на солад. «Падрыхтаваны праект распараджэння прэзідэнта, якім будзе вызначаны механізм, пры дапамозе якога мы здолеем збалансаваць сітуацыю і кампенсаваць страты «Белсолада», - рэзюмаваў Іван Данчанка.