BE RU EN

«Вертыкальшчыкаў» будуць судзіць за махінацыі з кватэрамі

  • 6.11.2009, 14:43

Скончана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 16 чалавек, якія займаліся махінацыямі пры будаўніцтве кватэр.

Пра гэта паведаміў сёння журналістам галоўны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч, перадае БелТА.

«Можна нават казаць пра злачынную групоўку. Найбліжэйшым часам справа будзе перададзена ў суд. Былы намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Валеваты па-ранейшаму знаходзіцца ў вышуку. Сярод падазроных па справе праходзяць службовыя асобы Магілёўскай вобласці і Менгарвыканкама», - распавёў генпракурор.

У верасні гэтага года Генпракуратура ўзбудзіла крымінальныя справы супраць былога намстаршыні Бабруйскага гарвыканкама: па ч.3 арт. 424 «Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі», ч.2 арт.431 «Даванне хабару», ч.3 арт.209 «Махлярства», ч.2 ар.285 «Стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй».

Ён падазраецца ў тым, што з 2004 па 2008 гады стварыў і узначаліў злачынную арганізацыю, што займалася крадзяжамі грашовых сродкаў бабруйскага прадпрыемства «Камбінат жалезабетонных вырабаў» (усяго было выкрадзена Br756 млн.), у махлярстве, а таксама атрыманні ад грамадзян $711 тыс. і даванні хабараў пры размеркаванні жылля ў Менску.

Валеваты раней узначальваў «Камбінат жалезабетонных вырабаў». Пасля таго, як быў прызначаны намеснікам старшыні гарвыканкама, у яго засталіся сувязі на прадпрыемстве, а механізм крадзяжу быў даведзены практычна да дасканаласці. Грашовыя сродкі пераводзіліся на рахункі падстаўных фірмаў, здымаліся наяўныя грошы, а затым прысвойваліся.

Падазроны займаўся незаконнымі здзелкамі ў сферы нерухомасці. У Менску будаўнічая арганізацыя будавала жылыя дамы, а затым кватэры прадаваліся людзям па больш высокай цане, што было адлюстравана ў дакументах. Пры гэтым пакупнікі кватэр цалкам усведамлялі незаконнасць таго, што адбывалася і давалі хабары за «зніжку», што ім давалі. Па гэтым эпізодзе да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 16 чалавек.

Апошнія навіны