BE RU EN

Галадаючага бізнэсмэна Бандарэнку паклалі ў турэмны шпіталь

  • 6.11.2009, 15:26

З 19-га кастрычніка працягваецца галадоўка прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі. Ён пратэстуе супраць прысуда, вынесенага Першамайскім раённым судом Менска.

Як нагадвае «Радыё Свабода», прадпрымальніка, былога актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Бандарэнку суд прызнаў вінаватым ў крадзяжы маёмасці фірмы і асудзіў на 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Паводле адваката Змітра Лаеўскага, стан здароўя яго падабароннага значна пагоршыўся. Бандарэнку змясцілі ў шпіталь.

«Мы бачыліся з ім два дні таму, ён пачуваўся дрэнна. З таго часу, відаць, яму стала яшчэ горш, і таму яго паклалі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь на вуліцы Кальварыйскай. Зараз я раблю захады, каб тэрмінова з ім пабачыцца», -- паведаміў Зміцер Лаеўскі.

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка летась удзельнічаў у выбарах у «палату прадстаўнікоў». Актывіст АГП спрабаваў аспрэчыць вынікі выбараў, і знаёмыя прадстаўнікі ўлады папярэдзілі яго пра магчымыя дрэнныя наступствы. Бандарэнка не спыніў спробаў адстаяць сваю пазыцыю. Праз пэўны час супрпць Андрэя Бандарэнкі завялі крымінальную справу, на пачатку кастрычніка прадпрымальнік быў асуджаны.

Апошнія навіны