BE RU EN

Яцэк Пратасевіч асудзіў выкраданні моладзевых лідэраў у Беларусі

  • 11.12.2009, 9:19

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч «сур'ёзна занепакоены» пагаршэннем сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў рэспубліцы.

У заяве ад 9 снежня польскі дэпутат Еўрапарламента адзначае, што ў апошнія месяцы павялічылася колькасць выпадкаў «палітычна матываванага ціску на моладзевых актывістаў за іх палітычную і грамадзянскую дзейнасць".

Пратасевіч паведамляе, што выкраданні, калі актывістаў гвалтоўна вывозілі за горад, могуць мець на мэце запужаць іх, аказаць на іх ціск.

Дэпутат асудзіў адлічэнне з ВНУ Таццяны Шапуцькі 3 снежня «з-за ўдзелу ў канферэнцыі Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства 16-17 лістапада ў Брусэлі».

«Усходняе партнёрства - гэта ініцыятыва ЕС, афіцыйна падтрыманая ўрадам Беларусі, прадстаўнікі якога таксама прынялі ўдзел у пасяджэнні форуму разам з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці», - кажацца ў заяве.

Пратасевіч таксама адзначыў «выпадкі звальненняў, тэлефонных пагрозаў, ціску з боку КДБ, а таксама больш за 20 выпадкаў пераследу студэнтаў, якія нібыта ўхіляюцца ад вайсковай службы, адлічаных з ВНУ за іх грамадзянскую пазіцыю і вымушаных вучыцца за мяжой».

Кіраўнік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю нагадаў, што Рада ЕЗ 17 лістапада прыняла рашэнне аб працягненні палітыкі збліжэння з ЕЗ на 12 месяцаў. «Адна з асноўных умоваў гэтага дыялогу - прагрэс у галіне правоў чалавека ў Беларусі, таму я лічу недапушчальным любы пераслед палітычных апанентаў, моладзевых актывістаў і студэнтаў», - заявіў Пратасевіч.

Еўрадэпутат заклікаў беларускія ўлады "перагледзець свае метады і распачаць непрадузятае і ўсебаковае расследаванне выпадкаў выкраданняў моладзевых актывістаў, а таксама рэфармаваць заканадаўства, каб кожны меў магчымасць карыстацца сваімі палітычнымі правамі і свабодамі дэмакратычнай дзяржавы».

Як раней паведамляў БелаПАН, старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек заклікаў беларускія ўлады не дапускаць паўтарэння выкраданняў актывістаў дэмакратычнай апазіцыі.

Апошнія навіны