BE RU EN

У менскім аэропорце ў Лябедзькі канфіскавалі дакумент са з'езду ЕНП

  • 11.12.2009, 12:41

Старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і лідэра Партыі БНФ Аляксея Янукевіча дагледзелі пры вяртанні з Бона.

Як паведаміў Анатоль Лябедзька, прыкладна ў 11 гадзінаў вечара 10 снежня яны прыляцелі ў Менск з кангрэса Еўрапейскай народнай партыі, які праходзіў у Боне. «Мытнікі канфіскавалі ў мяне ўсе дакументы кангрэса: праграму, спіс выступоўцаў, рэзалюцыі, дакументы АГП. Усе адксеракапіравалі, за выключэннем майго штодзённіка з асабістымі запісамі, які я абараніў са скандалам», - сказаў старшыня АГП у інтэрв'ю БелаПАН.

Он таксама адзначыў, што некалькі дакументаў яму не вярнулі.

«Дагляд быў узорна-паказальны: нават прадукты, якія я вёз з сабой, ўзважвалі. Прычым, да прадуктаў паспрабавалі прыпісаць і каціны корм. Выключылі яго са спісу прадуктаў толькі тады, калі я заявіў, што гатовы яго аддаць пры ўмове, што мытнікі яго пры мне паспрабуюць», - паведаміў Лябедзька.

На яго думку, такая пільная ўвага да дакументаў кангрэса ЕНП абумоўленая тым, што на мерапрыемстве была прынятая дастаткова жорсткая рэзалюцыя ў дачыненні да Беларусі.

Дадому палітык, паводле яго словаў, трапіў каля другой гадзіны начы.

Апошнія навіны