BE RU EN

Ахвяры марозу паступаюць у шпіталі з некрозам тканак

  • 17.12.2009, 10:17

За мінулыя суткі медыкі даставілі ў шпіталі Менска з халадовымі траўмамі 16 чалавек.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Менска.

«З адмаражэннямі за мінулыя суткі ў стацыянарныя аддзяленні менскіх шпіталёў былі дастаўленыя 9 чалавек, з пераахаладжэннем - 7», паведамілі медыкі.

Паводле іх словаў, «не ўсе дастаўленыя з халадовымі траўмамі былі знойдзеныя лежачы ў нецвярозым стане на вуліцах». «Было некалькі чалавек, якіх дастаўлялі з кватэраў. Прыйшоўшы пасля доўгага знаходжання на вуліцы, яны выявілі, што атрымалі халадовыя траўмы і звярнуліся па хуткую меддапамогу», распавялі медыкі.

Суразмоўцы агенцтва адзначылі важнасць своечасовага звароту да медыкаў, калі мела месца доўгае знаходжанне на марозе.

«За мінулыя суткі ў двух з дастаўленых у шпіталі быў дыагнаставаны некроз тканак канечнасцяў. Прычым у аднаго з тых, каго ў шпіталь забіралі з дома. Калі б чалавек у час звярнуўся па меддапамогу, такіх сур'ёзных наступстваў адмаражэння, як некроз тканак, атрымалася б пазбегнуць», паведамілі медыкі.

Разглядаючы агульную карціну зваротаў за мінулы суткі па хуткую меддапамогу ў Менску, суразмоўцы агенцтва паведамілі, што «яна была звычайнай для такога часу года. Павелічэння зваротаў па іншых захворваннях няма. Нават ідзе зніжэнне колькасці выклікаў з нагоды высокай тэмпературы і пнеўманіі».

Апошнія навіны