МТС спалохаўся крытыкі Сідорскага і не будзе падвышаць кошты на званкі
- 25.02.2009, 17:01
Аператар сотавай сувязі МТС адмяняе падвышэнне тарыфаў, якое адбылося 9 лютага.
«СТАА «Мабільныя Тэлесістэмы» на падставе ўказанняў Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь прыпыняе змяненне тарыфаў, рэалізаванае 9 лютага 2009 года. З 23-х гадзінаў 25 лютага тарыфікацыя паслугаў будзе ажыццяўляцца па ўзроўні тарыфаў, якія дзейнічалі да вышэйзгаданых змяненняў», — кажацца ў паведамленні на сайце кампаніі.
Нагадаем, 24 лютага прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі раскрытыкаваў вядучых аператараў мабільнай сувязі — Velcom і МТС, якія павялічылі ў лютым тарыфы на свае паслугі на 18%.
«У мяне сур'ёзныя прэтэнзіі да працы аператараў сотавай сувязі. На працягу студзеня-лютага яны неабгрунтавана ўзнялі кошты на паслугі больш чым на 18%. Учора я даў даручэнне разабрацца ў гэтых пытаннях», — адзначыў Сяргей Сідорскі.
Як адзначае it.tut.by, у кампаніі Velcom рашэнне пакуль не прынятае — кіраўніцтва аператара разглядае ліст з Мінэканомікі.