BE RU EN

Еўразвяз адмяніў план дапамогі Ўсходняй Еўропе

  • 2.03.2009, 8:34

На надзвычайным саміце Еўразвяза адверглі выдачу Ўсходняй Еўропе крэдыту ў 190 мільярдаў даляраў.

Канцлер Германіі Ангела Меркель адвергла план экстранай фінансавай дапамогі Ўсходняй Еўропе на 190 млрд еўра. Аб гэтым яна заявіла на надзвычайным саміце ЕЗ, прысвечаным эканамічнаму становішчу звяза. Яе падтрымаў старшанюючы ў ЕЗ прэм'ер Чэхіі Мірэк Тапаланэк. Ён заявіў, што «няма неабходнасці прымаць адзіны план дапамогі краінам Усходняй Еўропы і Балтыі».

Ангела Меркель заявіла журналістам, што памеры дапамогі «павінныя вызначацца асобна для кожнай з краін Усходняй Еўропы». Па ейных словах, «не разумна» прадастаўляць дапамогу адзіным пакетам для ўсіх краін Усходняй Еўропы, сітуацыя ў якіх істотна адрозніваецца.

«Нельга параўноўваць найцяжкую сітуацыю ў Венгрыі са становішчам у іншых краінах рэгіёна», - падкрэсліла Ангела Меркель.

Напярэдадні саміту шэраг краін Усходняй Еўропы пад кіраўніцтвам Венгрыі і Польшчы і пры падтрымцы Аўстрыі выступілі з патрабаваннем да «багатых» краінам ЕЗ тэрмінова даць ім 190 млрд еўра эканамічнай дапамогі на падтрымку банкаўскіх сістэм і курсаў нацыянальных валют.

Лідэры ЕЗ таксама дамовіліся ўстрымлівацца ад пратэкцыянісцкіх мер унутры супольнасці для барацьбы з крызісам. Аб гэтым заявіў па выніках экстранага антыкрызіснага саміту ЕЗ кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу.

«Мы пацвердзілі, што адзіны рынак з'яўляецца маторам эканамічнага развіцця і павінен быць захаваны», - сказаў ён. Кіраўнік Еўракамісіі падкрэсліў, што гэтыя прынцыпы стануць асновай для ўсіх мер па падтрымцы еўрапейскай эканомікі, уключаючы нацыянальныя планы заходніх краін супольнасці па выратаванні сваёй аўтапрамысловасці.

Гэта значыць, што вядучыя краіны ЕЗ не павінныя прымаць антыкрызісныя меры, якія могуць здзейсніць негатыўны ўплыў на эканомікі астатніх краін ЕЗ, у першую чаргу краін Усходняй Еўропы. «Правілы адзінага еўрапейскага рынка будуць выконвацца, і Еўракамісія забяспечыць іх захаванасць», - падкрэсліў Барозу.

Як заявіў на надзвычайным саміце ЕЗ прэм'ер-міністр Венгрыі Феранц Дзюрчань, няздольнасць Еўразвяза распрацаваць і неадкладна рэалізаваць праграму фінансавай дапамогі краінам Усходняй Еўропы ЕЗ і Балтыі можа прывесці ў гэтых дзяржавах да эканамічнага краху і «вялікіх дэфолтаў».

Кіраўнік венгерскага ўрада папярэдзіў, што такое развіццё сітуацыі пагражае палітычнымі ўзрушаннямі, масавай іміграцыяй з краін Усходняй Еўропы з-за крызісу рынка працы. «У выніку пацерпіць ўвесь Еўразвяз», - падкрэсліў Ф. Дзюрчань.

Апошнія навіны