BE RU EN

КДБ цісьне на актывіста «Маладога Фронту» праз дырэктара школы

  • 2.03.2009, 9:46

Дырэктарка гімназіі №3 выклікала «на размову» маці актывіста «Маладога Фронту», 16-гадовага вучня 9-й клясы Стася Стэсіка з нагоды ягонай актыўнай палітычнай дзейнасьці.

Дырэктарку цікавіла, чым займаецца хлапец у вольны час, у якую арганізацыю ўваходзіць, у якіх акцыях прымаў удзел і г.д, піша старонка mfront.net.

Па словах жанчыны, яе некалькі разоў наведвалі супрацоўнікі КДБ, якія казалі, што Стась Стэсік уваходзіць у лідуючы склад «Маладога Фронту», і прасілі дырэктарку гімназіі «супакоіць» юнака.

Тыдзень таму да маці Стася Стэсіка тэлефанавала незнаёмая жанчына, якая прадставілася супрацоўніцай Менгарвыканкаму, і паведаміла, што актывіст нібыта быў затрыманы падчас акцыі 14 лютага на плошчы Якуба Коласа (насамрэч Стася у гэты час там не было - ён паехаў за музыкамі для канцэрту). Незнаёмая прыгразіла перадаць адпаведныя дакумэнты ў школу і правесьці праверку па гэтым факце.

Нагадаем, 14 лютага ў Менску была жорстка разагнаная акцыя моладзі, прымеркаваная да Дня сьвятога Валянціна. Супраць удзельнікаў мірнай акцыі быў кінуты АМАП, узброены дубінкамі. Людзей, у тым ліку і журналістаў, жорстка зьбівалі, валілі на зямлю. Зьбівалі таксама дзяўчат і дзяцей.

Зараз улада цісьне на актывістаў, што прымалі ўдзел у акцыі 14 лютага, праз пагрозы выключыць з навучальных установаў. Так, 24 лютага дамоў непаўнагадовым сябрам «Маладога Фронту» Алене Паляшчук, Яраславу Лыскаўцу і Марыі Мароз з падобнымі пагрозамі тэлефанавала жанчына, якая прадставілася супрацоўніцай Камітэта адукацы.

Нягледзячы на тое, што падчас акцыі ў Дзень сьвятога Валянціна арыштаў не было, відавочна, што зьявіўся новы рэпрэсыўны мэтад ціску на непаўналетніх моладзевых актывістаў, які набывае масавы характар.

Апошнія навіны