BE RU EN

Мэр Менска Паўлаў з'ехаў на лячэнне ў Нямеччыну

  • 20.04.2009, 8:50

Пасля перанесенай аперацыі па выдаленні пухліны мозгу мэр Менска праходзіць курс лячэння ў Нямеччыне.

Стан здароўя мэра сталіцы — таямніца за сям'ю пячаткамі. У Менгарвыканкаме даваць афіцыйныя каментары на гэты конт адмаўляюцца. Маўчыць і кіраўніцтва 5-га клінічнага шпіталя Менска, дзе Паўлаву была зробленая найскладанейшая аперацыя. Зараз, як піша «Заўтра тваёй краіны», Міхаіл Паўлаў адчувае сябе нармальна і праходзіць курс лячэння. Па ўсёй верагоднасці, у Нямеччыне.

«Аперацыя па выдаленні пухліны галаўнога мозгу - гучыць жахліва, - сказаў прадстаўнік РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. - Але не трэба забываць, што аперыраваў Паўлава вядучы нейрахірург краіны Арнольд Смеяновіч. Да таго ж гэта была не поласцавая аперацыя, якая патрабуе трэпанацыі чэрапа. Хірургічнае ўмяшанне выконвалася пад мікраскопам і з выкарыстаннем сучаснай анестэзіі, што дазваляе дасягнуць максімальнага выдалення пухліны незалежна ад яе памеру».

Па словах медыкаў, ужо праз суткі пасля такой аперацыі пацыент можа ўставаць, а праз пару дзён хадзіць. Вялікае значэнне мае і лакалізацыя пухліны, калі яна сканцэнтраваная, напрыклад, у так званай «нямой» зоне галаўнога мозгу, дык шанцы на поспех у лячэнні павялічваюцца.

Як кажуць медыкі, Міхаілу Паўлаву прапанавалі перавесціся для праходжання далейшага лячэння ў Рэспубліканскі шпіталь Упраўлення справамі прэзідэнта. У гэтай клініцы створаныя VIP-умовы для пацыентаў такога рангу. Аднак Паўлаў адмовіўся.

Па некаторых звестках, Міхаіла Паўлава накіравалі на лячэнне ў Нямеччыну, у найвядомейшую берлінскую клініку Шарытэ. Яе галоўная асаблівасць у тым, што стратэгію лячэння пацыентаў абмяркоўваюць калегіяльна спецыялісты розных спецыялізаваных клінікаў - нейрахірургіі, радыёанкалогіі, радыялогіі. Гэта значыць, што кожнаму пацыенту падбіраюць аптымальную схему лячэння. У клініцы Шарытэ, дарэчы, праходзілі стажыроўку і беларускія медыкі.

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць інфармацыю пра тое, што Міхаіл Паўлаў накіраваны на лячэнне ў Нямеччыну.

«Без каментароў. Ёсць такое паняцце, як медычная таямніца, - заявіла начальнік Упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Галіна Валжанкіна. - Акрамя таго, якое мы маем права ўмешвацца ў асабістае жыццё чалавека? Міхаіл Якаўлевіч зрабіў столькі добрага для горада. Давайце паважаць яго асабістае жыццё».

Былы міністр аховы здароўя Беларусі Ігар Зелянкевіч лічыць, што інфармацыя пра стан здароўя чыноўніка такога рангу, як старшыня Мінгарвыканкама, не павінна быць у закрытым доступе.

«Але не справа лекараў і нават чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя даваць такія каментары, - кажа Ігар Зелянкевіч. - Мы не павінны парушаць клятву Гіпакрата. Для медыкаў гэтая тэма, безумоўна, закрытая. А вось прэс-служба Менгарвыканкама, на мой погляд, проста абавязаная інфармаваць грамадскасць пра тое, як адчувае сябе мэр Менска. У дэмакратычным грамадстве так і адбываецца».

У Беларусі таксама дзейнічае Закон «Аб дзяржаўных сакрэтах», артыкул 14 якога абвяшчае: «не падлягаюць аднясенню да дзяржсакрэтаў і засакрэчванню звесткі … пра стан здароўя службовых асобаў дзяржавы».

Дарэчы, у свой час прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын паказаў прыклад таго, як высокапастаўлены чыноўнік не павінен хаваць ад народа праўду пра сваё здароўе. У верасні 1996 года публічна, па тэлебачанні ён заявіў пра тое, што яму неабходная аперацыя на адкрытым сэрцы. І калі Ельцыну было зробленае аортакаранарнае шунтыраванне, афіцыйныя паведамленні аб самаадчуванні расейскага прэзідэнта з'яўляліся ў прэсе рэгулярна.

У еўрапейскіх краінах інфармацыя пра стан здароўя чыноўнікаў не ўтойваецца. У Італіі, напрыклад, афіцыйна паведамлялася нават пра пластычную аперацыю прэм'ер-міністра Сільвіа Берлусконі. А ў ЗША напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў 71-гадовы кандыдат у прэзідэнты ЗША Джон Макейн асабіста падаў журналістам сваю медыцынскую карту і не схаваў, што перанёс некалькі аперацыяў у сувязі з ракавым захворваннем - меланомай.

Апошнія навіны