BE RU EN

Мірон вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на шашы Барысаў-Менск

  • 15.05.2009, 9:37

Як паведамляюць дэмакратычныя актывісты, 14 мая, прыкладна ў палове на шостую вечара, Мірон узняў каля шашы на ўездзе на станцыю Чырвонае Знамя бел-чырвона-белы сцяг.

Станцыя знаходзіцца прыкладна ў васьмі кіламетрах ад Жодзіна па накірунку да Менска.

У цыдулцы, прымацаванай да сцяга, вядзецца: «Накіроўваючыся ў бок беларускай сталіцы, прыпыніўся тут, каб аднавіць гістарычную справядлівасць і даць гэтай станцыі назву «Бел-чырвона-белы сцяг». Хай вечна жывуць нашыя нацыянальныя сімвалы! Мірон».

Аўтамабілісты, якія праязджалі, сігналамі клаксонаў віталі знак незалежнай Беларусі, што раздзімаецца на лініі электраперадач у 35 тысяч вольт.

Нагадаем, што 14 мая 1995 года на ініцыяваным Аляксандрам Лукашэнкай рэферэндуме была змененая гістарычная сімволіка Беларусі (герб і сцяг) на неасавецкую, а расейскай мове, нароўне з беларускай, быў нададзены статус дзяржаўнай мовы.

Менавіта змена нацыянальнай сімволікі выклікала тады акцыі пратэсту ў студэнцкім асяроддзі. Пасля таго, як кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Іван Ціцянкоў дэманстратыўна парваў на кавалкі бел-чырвона-белы сцяг, студэнты і ліцэісты выйшлі на вуліцы, прыйшлі да адміністрацыі Лукашэнкі з паднятымі за галавой рукамі, а потым спалілі каля прыбіральні сцяг БССР. Акцыю жорстка разагналі, збілі затрыманых удзельнікаў, а таксама мінакоў, сярод якіх былі школьнікі, якія проста ішлі дадому.

За палітычную дзейнасць студэнтаў сталі выключаць з вну. Пазней за бел-чырвона-белы сцяг сталі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Пасля гэтага рэферэндуму стала скарачацца колькасць беларускамоўных школ і сёння іх у краіне амаль не засталося.

Апошнія навіны