BE RU EN

Генадзь Бураўкін выпісаўся са шпіталя пасля аперацыі

  • 1.06.2009, 17:15

Увечары 31 траўня выпісаўся са шпіталя вядомы паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін.

16 красавіка 72-гадоваму пісьменніку была зробленая аперацыя на сэрцы ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія», якая доўжылася больш за чатыры гадзіны. Пасля аперацыі па шунтаванні, якую правёў прафесар Вячаслаў Янушка, паэт знаходзіўся ў цэнтры, затым быў пераведзены ў Рэспубліканскі шпіталь Упраўлення справамі прэзідэнта, а пасля — у Рэспубліканскі клінічны шпіталь медыцынскай рэабілітацыі ў пасёлку Аксакаўшчына Менскага раёна, паведамляе БелаПАН .

Генадзь Бураўкін паведаміў, што ён працягвае лячэнне і вяртаецца да нармальнага рытму жыцця. Разам з тым, як сведчаць спецыялісты, пра вынікі такой складанай аперацыі можна меркаваць толькі праз год пасля яе правядзення, сказаў паэт.

Бураўкін адзначыў, што па сваім фізічным і псіхалагічным стане пакуль не гатовы да актыўнай творчай і грамадскай працы, хаця мае намер вярнуцца да яе. Зараз ён адпачывае і перачытвае свае любімыя літаратурныя творы.

Сур'ёзныя праблемы з сэрцам з'явіліся ў Бураўкіна пасля інфаркту, які ён перанёс у траўні 2006 года. Тады паэту стала дрэнна на сустрэчы літаратараў з чыноўнікамі з нагоды позвы Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Апошнія навіны