Расея заблакавала пастаўкі беларускіх МАЗаў
- 10.07.2009, 11:43
Менскі аўтамабільны завод мае сур'ёзныя складанасці з рэалізацыяй сваёй прадукцыі ў Расеі.
Цяжкасці ўзнікаюць у выпадках, калі гаворка ідзе аб закупках за рахунак сродкаў бюджэтаў рознага ўзроўня. Аб гэтым заявіў ПРАЙМ-ТАСС намеснік камерцыйнага дырэктара па рэалізацыі грузавой тэхнікі МАЗа Сяргей Захарэвіч падчас наведвання ААТ «Аўтадызель» у Яраслаўлі.
Па словах С.Захарэвіча, нягледзячы на нядаўняе распаўсюджванне на шэраг беларускіх тавараў коштавых прэферэнцый пры дзяржзакупках у РФ, застаецца шэраг іншых нарматыўных дакументаў, якія перашкаджаюць доступу прадукцыі МАЗа на расейскі рынак.
У прыватнасці, адзначыў намеснік камерцыйнага дырэктара, у РФ «зацверджаны пералік тэхнікі, якая закупаецца за кошт бюджэтаў рознага ўзроўня, у які ўвайшла толькі прадукцыя расейскай вытворчасці».
«Такім чынам, МАЗ практычна зараз не можа прадавацца за бюджэтныя грошы. А бюджэтныя закупкі, бюджэтны гандаль пераважаюць ва ўдзельнай вазе рэалізуемай тэхнікі», - дадаў Захарэвіч.
Пры гэтым ён адзначыў, што МАЗ у рэгіёнах РФ «спрабуе прыцягнуць увагу да тэхнікі, у прыватнасці, тавараабменнымі схемамі».
«Калі б у Яраслаўлі атрымалася рэалізаваць нейкую (тавараабменную схему.), мы б больш купілі рухавікоў (вытворчасці ААТ «Аўтадызель»). Гэта выдатна разумее губернатар гэтай вобласці», - растлумачыў Захарэвіч.
«Калі губернатар возьме ў нас нейкую тэхніку для камунальнай гаспадаркі, для прыбірання горада, то гэта будзе спрыяць пастаўцы рухавікоў», - дадаў ён, падкрэсліўшы, што МАЗ спрабуе весці перамовы з кожным расейскім рэгіёнам. «Часам гэта атрымліваецца рэалізаваць, тэхніка ў Расею пастаўляецца», - адзначыў намдырэктара.