Апазіцыянераў у Беларусі выкрадаюць супрацоўнікі спецпадраздзялення «Алмаз»?
- 22.07.2009, 10:38
Актывісты «Маладога фронту» Наста Палажанка і Дзяніс Карноў апазналі чалавека, які кіраваў іх выкраданнем 25 сакавіка.
Нагадаем, што 25 сакавіка ў Дзень волі, за некалькі гадзінаў да пачатку акцыі, актывістаў «Маладога фронту» Насту Палажанку і Дзяніса Карнова затрымалі невядомыя людзі і вывезлі за горад. Пры гэтым Дзяніса Карнова збівалі, парэзалі джынсы і забралі ў яго грошы.
Моладзевыя актывісты па фатаграфіі апазналі чалавека, які кіраваў выкраданнем. Як піша сайт mfront.net, па ўсім відаць, ім з'яўляецца Аляксандр Леаненка, супрацоўнік спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам МУС РБ «Алмаз».
У свой час Леаненка працаваў у Службе бяспекі прэзідэнта. Лічыцца, што ён удзельнічаў у выкраданні тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага, а пазней адагнаў яго машыну ў аэрапорт.
Пасля гвалтоўнага выкрадання Завадскага быў складзены фотаробат чалавека, вельмі падобнага на Леаненку. Яго арыштавалі, але праз нейкі час з невядомых прычынаў Леаненка быў выключаны з ліку падазраваных.
Леаненка таксама праходзіў па справе аб збіцці былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе - твар «алмазаўца» паспелі сфатаграфаваць журналісты. Менавіта па гэтых здымках выкрадзеныя актывісты «Маладога фронту» і пазналі супрацоўніка «Алмаза».
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні Аляксандра Леаненкі медалём «за адвагу».
Па словах маладафронтаўцаў, чалавек, вельмі падобны да Леаненкі, быў галоўным падчас іх выкрадання. Вёў машыну падчас ад'езду, забраў мабільныя тэлефоны, нацягнуў шапку на Дзяніса Карнова і кожнага асобна выводзіў з машыны.
Заявы аб расследаванні датычнасці Аляксандра Леаненкі да выкрадання актывістаў «Маладога фронту» ад імя Насты Палажанкі і Дзяніса Карнова былі накіраваныя ў пракуратуру і РУУС Фрунзенскага раёна Менска.