Зарплаты бюджэтнікаў імкліва падаюць
- 28.07.2009, 10:09
У асобных галінах зарабатная плата беларусаў знізілася больш чым на 100 даляраў.
Пытанне пра зарплату бюджэтнікаў калі і будзе абмяркоўвацца ўрадам, дык не раней за верасень. Пры гэтым беларусам не варта спадзявацца на папраўленне свайго фінансавага становішча -- дзеля скарачэння расходнай часткі бюджэту і выканання ўмоваў Міжнароднага валютнага фонду падвышэнне ўзроўня зарплаты наўрад ці перавысіць 5%, а тэмп росту спажывецкіх коштаў у Беларусі з'яўляецца адным з самых высокіх у СНД, піша «Заўтра тваёй краіны».
Паводле дадзеных Белстата, у чэрвені намінальная налічаная сярэднемесячная зарплата ў параўнанні з траўнем нібыта павялічылася амаль на 36 тысячаў рублёў ці 3,6%. У гэтай лічбы ёсць простае тлумачэнне. З пачаткам перыяду масавых адпачынкаў намінальная налічаная зарабатная плата павялічваецца натуральным чынам, бо адпускныя выплачваюцца, зыходзячы з сярэдняга заробку за год, а не з бягучага. Для шматлікіх працаўнікоў яны сталі самой высокай налічанай сярэднемесячнай зарплатай, атрыманай за апошнія паўгады.
Але нават пачатак сезону адпачынкаў не дазволіў асобным галінам і сферам дзейнасці дасягнуць узроўня снежня 2008 года. Напрыклад, у чорнай металургіі сярэдняя намінальная зарабатная плата адстае па выніках чэрвеня ад снежня 2008 года на 343 тысячы рублёў! Больш за тое, у гэтай галіне намінальная зарплата ў чэрвені бягучага года апынулася нават ніжэйшай на 40 тысячаў рублёў ад намінальнай зарплаты, налічанай у чэрвені мінулага года. З улікам жа росту спажывецкіх коштаў, які склаў 13,4% (чэрвень 2009 г. да чэрвеня 2009 г.), падзенне рэальнай зарабатнай платы ў чорнай металургіі склала больш за 1%. Але гэтая галіна па-ранейшаму з'яўляецца высокааплатнай, бо зарплата тут перавышае сярэдні ўзровень зарплаты ў прамысловасці і складае больш за 1,5 мільёны рублёў.
Нашмат больш сумна выглядае сітуацыя ў адукацыі, ахове здароўя, культуры, сацзабеспячэнні, дзе сярэднія зарплаты амаль удвая ніжэйшыя, чым у металургаў, і пры гэтым па выніках паўгоддзя рэальная зарабатная плата ў адносінах да першага паўгоддзя мінулага года тут таксама дэманструе зніжэнне.
Намінальная налічаная сярэднемесячная зарабатная плата ў ахове здароўя ў чэрвені склала 824,7 тысячы рублёў. Зарплата медыкаў пакуль адстае ад узроўня снежня 2008 года на 23 тысячы. Прычым, калі ўрачам пры сярэдняй налічанай за чэрвень 2009 года зарплаце ў памеры 1.424,6 тыс. рублёў не хапае да снежаньскай 22 тысячы, дык для малодшага медперсанала сума адставання амаль такая ж – 20,9 тысяч рублёў, але пры гэтым іх сярэдні заробак сёння складае крыху больш за адну траціну ад заробку ўрача – 501 тысячу рублёў.
Менавіта сярэдні і малодшы медперсанал таксама горш за ўсё адчувае сябе з улікам росту індэксу спажывецкіх коштаў. У параўнанні з чэрвенем мінулага года іх зарплаты выраслі ўсяго на 11% пры афіцыйным росце коштаў на 13,4%. І толькі ўрачы, зарплата якіх у параўнанні з чэрвенем мінулага года вырасла на 182 тысячы рублёў, змаглі «перамагчы» інфляцыю. Хоць у цэлым рэальная зарплата па сістэме аховы здароўя за паўгоддзе паказала зніжэнне ў адносінах да мінулага года.
Таксама знізілася рэальная сярэдняя зарплата за паўгоддзе ў сістэме адукацыі. У гэтай сферы фактар адпускных асабліва моцна ўплывае на летнія дадзеныя па зарплаце, і тут дынаміка вельмі неадназначная.
Пакуль падрабязных дадзеных за чэрвень няма, але па выніках за травень самай высокай сярэдняя налічаная зарплата была ў нафтаперапрацоўцы – 2.132 тысячы рублёў. Прычым яна вырасла і ў параўнанні са снежнем 2008, і ў параўнанні з мінулым годам нават з улікам росту коштаў у рэальным выражэнні не зменшылася. Тады як, напрыклад, зарплата бібліятэкараў, якая ў сярэднім за травень апынулася ў 4 разы ніжэй за зарплату нафтаперапрацоўнікаў і склала 502 тыс. рублёў, знізілася ў параўнанні са снежнем больш чым на 50 тысяч рублёў. А ў параўнанні з траўнем 2008 года яна павялічылася ўсяго на 32 тысячы, што не змагло кампенсаваць гэтай катэгорыі працаўнікоў культуры нават паловы росту спажывецкіх коштаў.
Варта адзначыць, што ўсё гэта афіцыйныя дадзеныя пра сярэднія зарплаты. У рэальнасці, у рэгіёнах зарплаты значна ніжэйшыя за сярэднестатыстычныя, якія, хутчэй, атрымліваюць жыхары вялікіх гарадоў. Больш за тое, важна адзначыць, што з-за крызісу шмат якія прадпрыемствы ў Беларусі сталі працаваць у скарочаным рэжыме. Пры пераходзе на скарочаны графік працы людзі губляюць вялікую частку заробку.