Зміцер Дашкевіч заклікаў СМІ спыніць называць Беларусь «Белоруссией»
- 28.07.2009, 12:58
Лідэр «Маладога фронту» накіраваў пісьмовы зварот у рэдакцыі шэрагу беларускіх газетаў.
Адпаведны зварот быў накіраваны 27 ліпеня, паведамляе БелаПАН.
Па словах Зміцера Дашкевіча, звароты былі накіраваныя рэдакцыям «Комсомольская правда» в Белоруссии», «Аргументы и факты» в Белоруссии», «СБ: Советская Белоруссия — Беларусь сегодня» і дыпламатычным місіям замежных краінаў у Беларусі.
«З моманту прыняцця Вярхоўным Саветам БССР «Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі» прайшло 19 гадоў, аднак дагэтуль некаторыя СМІ і дзяржаўныя інстытуты Беларусі і іншых дзяржаваў няправільна ўжываюць назву нашай краіны», — сказаў Дашкевіч.
У звароце цытуецца вытрымка з закона Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 1991 года: «Вярхоўны Савет БССР пастанаўляе: Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку цяпер называць «Рэспубліка Беларусь», а ў скарачэнні і састаўных назвах — «Беларусь». Усталяваць, што гэтыя назвы транслітэруюцца на іншыя мовы ў адпаведнасці з беларускім гучаннем».
«З гэтага вынікае, што такой краіны, як «Белоруссия», не існуе. Выкарыстанне назвы «Белоруссия» як мінімум выкрывае неадукаванасць і непрафесіяналізм людзей, якія ёй карыстаюцца. Таму просім перакваліфікаваць назвы, якія вы ўжываеце, згодна з беларускім і міжнародным заканадаўствам», — патрабуе Дашкевіч.