BE RU EN

«Малады Фронт» заклікае да патрыятызму Мартынава

  • 29.07.2009, 16:58

Старшыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч накіраваў зварот міністру замежных справаў Беларусі.

У ім Зміцер Дашкевіч звяртаецца да міністра замежных справаў Сяргея Мартынава з просьбай звярнуць увагу на праблему няправільнага ўжывання назвы беларускай краіны за мяжой:

«Шаноўны спадар Мартынаў, звяртаюся да Вас ад імя моладзевага руху «Малады Фронт» у межах кампаніі «За праўдзівы назоў!». Дадзеная кампанія арганізаваная маладафронтаўцамі з мэтай асветніцтва і адукацыі беларускага і замежнага чынавенства, якое не ведае назвы нашае краіны.

Нагадваем і Вам, шаноўны спадар міністр, што 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб назве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўнясенні зменаў у Дэклярацыю Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР і Канстытуцыю (асноўны закон) БССР», згодна з якім вось ужо 18 гадоў нашая краіна называецца замест Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі – Рэспублікай Беларусь ці проста Беларуссю з адпаведнай траслітэрацыяй на іншых мовах свету. Аднак, на вялікі жаль, дагэтуль як толькі не называюць нашую краіну на іншых мовах: «Белоруссия» (Расея), «Bielorrusia» (Гішпанія), «Bielorussia»(Італіі), «Балтаруссія»/«Baltarusija» (Літоўская Рэспубліка), «Вайсрусланд»/«WeiЯrussland» (Германія) і г.д.

Такое перакручванне назвы нашай Бацькаўшчыны адбываецца, найперш, з-за неадукаванасці і, верагодна, абыякавасці да Беларусі саміх беларусаў. Назва «Белоруссия» даволі распаўсюджаная сярод СМІ, дзяржаўных інстытутаў улады і іншых установаў у самой Беларусі.

Таму просім Вас, спадар міністр, звярнуць увагу на гэтую праблему і зрабіць усё магчымае, каб дыпламаты і кіраўнікі замежных краінаў ведалі, што такой дзяржавы, як «белоруссия», «балторуссия» і «вайсрусланд» не інуе на карце свету. Ёсць Рэспубліка Беларусь, Беларусь скарочана з адпаведнай транслітэрацыяй на іншых мовах свету.

Свой зварот «Малады Фронт» накіраваў 29 ліпеня ў Міністэрства замежных справаў у папяровым і электронным варыянтах.

Апошнія навіны