BE RU EN

Генпракурор адкруціўся абяцанкамі замест адпісак

  • 14.08.2009, 11:31

13 жніўня Рыгор Васілевіч прыняў у сабе прадстаўніцаў грамадскай ініцыятывы «Жанчыны супраць беззаконня ў судах і пракуратуры».

Пра вынікі сустрэчы ў інтэрв'ю газеце «Наша Ніва» распавяла кіраўнічка ініцыятыўнай групы, праваабаронца Галіна Юбко.

«9 ліпеня гэтага года мы ўжо сустракаліся з Рыгорам Васілевічам, перадалі яму зварот удзельніцаў нашай групы з просьбай заняцца разглядам нашых справаў па сутнасці. Скардзіліся на практыку адпісак, якія мы ўвесь час атрымліваем ад чыноўнікаў», - патлумачыла Галіна Юбко.

Паводле яе словаў, у ліпені жанчыны атрымалі ад генеральнага пракурора абяцанне разгледзець іх справы па сутнасці. Але неўзабаве зноў пайшлі адпіскі. Таму і было вырашана сустрэцца ізноў і перадаць чарговы калектыўны зварот. Гэтым разам у Генпракуратуру прыйшло 36 чалавек, Рыгор Васілевіч прыняў чатырох прадстаўніцаў групы. Па словах Галіны Юбко, генпракурор пагадзіўся з яе словамі, што практыка адпісак проста недапушчальная.

«Ён паабяцаў разабрацца, сказаў, што справы абавязкова будуць разгледжаныя», - кажа кіраўнічка ініцыятывы. Галіна Юбко паабяцала Васілевічу, што жанчыны будуць звяртацца ў Генпракуратуру да таго часу, пакуль кожная справа не будзе разгледжаная па сутнасці.

Нагадаем, што ў гэты жа час група жанчын ініцыюе сустрэчу з старшынём Вярхоўнага суда. Падстава тая ж - адпіскі ад чыноўнікаў суда. Аднак поспеху гэтыя высілкі пакуль не мелі.

Актывісткі ініцыятывы «Жанчыны супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» ужо некалькі гадоў дамагаюцца перагляду крымінальных справаў сваіх сваякоў, якіх лічаць невінаватымі. Паводле актывістак, пракуратура Беларусі іх скаргі не правярае, а дасылае ім адпіскі.

Апошнія навіны