Апазіцыянераў апраўдалі за акцыю салідарнасці з палітвязнямі
- 14.08.2009, 17:04
Ваўкавыскі раённы суд пераглядзеў справу 8 актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і апраўдаў іх.
У дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія складалі пратаколы, вынесенае прадстаўленне на імя начальніка Ваўкавыскага РАУС з тым, каб ён вырашыў, да якога выгляду адказнасці іх прыцягваць – крымінальнай ці адміністрацыйнай, паведамляе «Радыё Свабода».
Яшчэ 8 чэрвеня Ваўкавыскім раённым судом былі асуджаныя 8 актывістаў АГП, якія зладзілі акцыю на мясцовым рынку ў падтрымку палітвязня Мікалая Аўтуховіча. Актывісты трымалі ў руках партрэты арыштаванага прадпрымальніка.
Юрыя Істоміна аштрафавалі на 20 базавых велічынь «за ўдзел і арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». Шэсць удзельнікаў былі аштрафаваныя на дзве базавыя велічыні. Суд над яшчэ адным актывістам АГП пакуль не адбыўся.
Ніхто з удзельнікаў акцыі не прызнаў сваёй віны, а ў абласным судзе прысуд скасавалі, бо падчас стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі апытвалі сведкаў праз некальк дзён пасля праведзенай акцыі і ўпісвалі іх сведчанні ў пратаколы, якія ўжо былі падпісаныя затрыманымі. Справу адправілі на перагляд.
Сведкі, якіх падчас акцыі, па словах Істоміна, ніхто не бачыў, так і не здолелі патлумачыць суду, у чым складалася падтрымка Аўтуховіча. Да таго ж яны ўсе аказаліся супрацоўнікамі райвыканкаму.
Вось як пракаментаваў рашэнне суда Юры Істомін:
«Мы ўжо адвыклі ад такога фармату вынясення рашэнняў судом. Для мяне асабіста гэта нечакана».
Нагадаем, што актывістаў АГП затрымалі 16 траўня за тое, што яны арганізавалі насупраць цэнтральнага рынку ў Ваўкавыску акцыю салідарнасці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі.
Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявоўнаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. 18 лютага прадпрымальнікам было прадстаўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодекса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) ў выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).
Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртая ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо мелі судзімасць і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.