BE RU EN

Чыноўнікі выходзяць з-пад кантролю дыктатара?

  • 21.08.2009, 11:15

Беларускай наменклатуры надакучыла жыць і працаваць у пастаянным напружанні, якое стварае цяперашні кіраўнік.

Пракуратура Беларусі прызналася, што карупцыя стала праблемай, з якой праваахоўныя органы не спраўляюцца. Для барацьбы з ёй плануецца стварыць следчы камітэт, падпарадкаваны Аляксандру Лукашэнку. Эксперты ж сцвярджаюць, што карупцыя – натуральнае спараджэнне беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі і барацьба з ёй не мае дачынення да клопату пра насельніцтва, піша «Независимая газета».

Паведаміўшы пра тое, што ў цэлым узровень злачыннасці ў краіне знізіўся на 10%, генеральны пракурор Рыгор Васілевіч канстатаваў, што выпадкаў карупцыі менш не стала. Паводле звестак прэс-службы пракуратуры, за шэсць месяцаў гэтага года іх выяўлена 1990, у той час як за ўвесь 2007 год – 3084. Шкода ад гэтых злачынстваў вылічваецца дзесяткамі мільярдаў рублёў. У Генпракуратуры нагадалі, што толькі па фактах карупцыі ў Мінэнерга не так даўно было ўзбуджана восем крымінальных справаў. Пры гэтым налічылі шкоды больш чым на 17 млн. дал.

Не далей, як у пачатку жніўня на хабары папаўся кіраўнік аднаго з раёнаў сталіцы. У ліпені сам Аляксандр Лукашэнка з экрана тэлевізара выкрыў вярхушку Жлобінскага раёна, уключаючы і прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія арганізавалі для правядзення свайго вольнага часу «незаконныя паляўнічыя ўгоддзі». У выніку інцыдэнту акрамя чыноўнікаў крэсла пазбавіўся дырэктар Беларускага металургічнага завода Мікалай Андрыянаў, таксама датычны да стварэння базы.

У траўні кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей распавёў пра распаўсюджанасць сямейнасці ў мясцовых органах улады. Па словах Макея, усе лепшыя крэслы ў раённых адміністрацыях займаюць сваякі яго кіраўніка. Выпадкі незаконнага атрымання чыноўнікамі ўсіх узроўняў зямельных участкаў і кватэраў наогул сталі штодзённасцю. Падчас паседжанняў Васілевіч прызнаўся, што высілкаў праваахоўнікаў у барацьбе з карупцыяй недастаткова. «Пакуль урад не зоймецца гэтым пытаннем, дзяржкамітэты не будуць займацца, выканкамы, разам з пракуратурай – гэтая з'ява будзе існаваць», – заявіў ён.

Праблема карупцыі і шляхі яе вырашэння ўзнімаліся не так даўно і на ўзроўні Лукашэнкі. У ліпені на нарадзе, якая раскрытыкавала дзейнасць пракуратуры, ён выказаў думку, што для паляпшэння сітуацыі трэба было стварыць нейкі спецыяльны следчы камітэт, які будзе падпарадкоўвацца напрост прэзідэнту. Пры гэтым беларускі кіраўнік выказаў недавер пракуратуры. «Пра якую барацьбу з карупцыяй можна весці размову, калі самі пракурорскія працаўнікі грашаць гэтым: атрыманнем хабараў, лабіяваннем інтэрасаў камерцыйных структураў, злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі», – заявіў Лукашэнка. У пачатку жніўня на чарговай нарадзе прэзідэнт Беларусі пайшоў яшчэ далей. Для аператыўнасці ён прапанаваў адмовіцца ад неабходнасці атрымліваць санкцыю пракурора на правядзенне следчых дзеянняў.

Мясцовая грамадскасць ад будучых новаўвядзенняў не ў захапленні. На думку экспертаў, гэта яшчэ больш будзе спрыяць беззаконню. Каментуючы шырокую распаўсюджанасць карупцыйных злачынстваў, назіральнікі кажуць пра тое, што сітуацыя спароджаная самім Лукашэнкам. «Сацыяльна-эканамічная мадэль Беларусі – самае спрыяльнае асяроддзе для карупцыі», – заявіў «НГ» палітолаг Валеры Карбалевіч. «З ухвалення Лукашэнкі створанае такое заканадаўства, якое дае чыноўнікам неабмежаваную ўладу над грамадствам», – сцвярджае ён. Пры гэтым, на думку палітолага, кіраўнік беларускай дзяржавы пераследуе некалькі мэтаў. Па-першае, барацьба з карупцыяй – добры спектакль для электарата, па-другое, наяўнасць карупцыйнага кампрамату робіць чыноўнікаў залежнымі і кіраванымі. «Часам Лукашэнка глядзіць скрозь пальцы на злоўжыванні, але, калі чыноўнік выходзіць з-пад кантролю, кампрамату даецца ход», – сцвярджае Карбалевіч.

Эксперты кажуць пра тое, што ў аснове ўсіх дзеянняў беларускага кіраўніка ляжыць задача ўмацавання яго ўлады. Каментуючы для «НГ» перспектывы стварэння следчага камітэта і адмены пракурорскіх санкцыяў, Карбалевіч выказаў меркаванне, што гэтыя дзеянні прадыктаваныя жаданнем узмацніць кантроль над сілавымі структурамі. «Лукашэнка хоча, каб яны канкуравалі, збіралі кампрамат адзін на аднаго, каб не было аднаго манапаліста, а арбітрам заставаўся толькі ён», – лічыць Карбалевіч. У прыватнасці, на яго думку, пракуратура на гэтым этапе занадта ўмацавала свае пазіцыі, і адмена пракурорскіх санкцыяў закліканая іх паслабіць.

Разважаючы ў рэчышчы выкладзенай вышэй логікі, некаторыя эксперты кажуць пра тое, што колькасць гучных карупцыйных справаў, якая павялічылася, сведчыць пра выхад чыноўнікаў з-пад кантролю Лукашэнкі і паслабленне яго пазіцыяў сярод наменклатуры.

Апошнія навіны