BE RU EN

Скаргі апазіцыянераў разглядаюць без іх прысутнасці

  • 3.08.2009, 9:34

31 ліпеня ў Мінгарсудзе прайшло слуханне па скарзе актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзіміра Кумца, які быў асуджаны за расцяжку «Свабоду Аўтуховічу!»

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» падаў скаргу на пастанову суда Цэнтральнага раёна, паводле якога Уладзіміра Кумца і Максіма Вінярскага абвінавацілі па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства) за вывешванне расцяжкі «Свабоду Аўтуховічу!» 30 чэрвеня 2009 года на мосце па вуліцы Няміга ў Менску.

«Паседжанне было прызначанае на 15.00, аднак з-за таго, што на стэндзе быў пазначаны не той кабінет, я спазніўся на слуханне, і яно прайшло без мяне, -- распавядае Уладзімір Кумец. -- Скарга засталася без задавальнення. Цытата з пастановы Мінгарсуда: «Довады скаргі супярэчаць акалічнасцям справы, пададзеным доказам і паказанням сведкі, заснаваныя на суб'ектыўным паданні акалічнасцяў справы такім чынам, каб сысці ад адказнасці, таму іх нельга прызнаць абгрунтаваным». Паседжанне вёў суддзя Крот І.У. ».

Уладзімір Кумец заяўляе, што мае намер абскардзіць рашэнне суда ў Вярхоўным судзе.

«Нягледзячы на гэта я буду падаваць скаргу ў Вярхоўны суд, таму што лічу гэтае рашэнне незаконным, з прычыны адсутнасці правапарушэння ў маіх дзеяннях, з ужываннем супраць мяне загадзя ілжывых пратаколаў і сведак. Гэта лішні раз паказвае, што ў нашай краіне парушаюцца правы чалавека, і любы чалавек можа быць асуджаны па надуманай прычыне па ўказаннях «зверху», -- пракаментаваў сайту jeans-by.com Уладзімір Кумец.

Максім Вінярскі, затрыманы разам з Уладзімірам Кумцом за вывешванне расцяжкі, прыйшоў на гэтае паседжанне ў якасці сведкі, хаця сам таксама пісаў скаргу на пастанову суда і не атрымліваў запрашэння на паседжанне, выпадковым чынам даведаўся, што разгляд яго скаргі будзе праходзіць таксама 31 ліпеня ў 15.00, але ў іншага суддзі. Падыйшоўшы да суддзі, Вінярскі патлумачыў, што без позвы ў суд і без свайго адваката на паседжанні прысутнічаць не збіраецца. Суддзя Храбастаў У.І. перанёс паседжанне на 7 жніўня 2009 года.

«Калі б я не прыйшоў падтрымаць і выступіць у якасці сведкі з боку Уладзіміра Кумца, пра разгляд сваёй скаргі я б і не даведаўся. А гэтае вельмі грубае парушэнне з юрыдычнага пункту гледжання і пункту гледжання правоў чалавека, з якімі ў нашай краіне практычна не лічацца. Такога кшталту парушэнні ўвесь час практыкуюцца прадстаўнікамі судовай улады. Такую халатнасць «прадстаўнікоў Закона» трэба спыняць», -- заявіў Максім Вінярскі.

Нагадаем, што 30 чэрвеня актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі і Уладзімір Кумец вывесілі на мосце на вуліцы Няміга ў Менску расцяжку «Свабоду Аўтуховічу!». За гэта яны былі арыштаваныя супрацоўнікамі міліцыі. У дачыненні да затрыманых быў складзены пратакол па артыкуле 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Апазіцыянераў абвінавацілі ў тым, што яны нібыта нецэнзурна лаяліся, абражаючы супрацоўнікаў міліцыі. Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» былі аштрафаваныя на 350 тысячаў рублёў.

Апошнія навіны