BE RU EN

Актывіста «Маладога фронту» выклікаюць у пракуратуру па «палітычным» артыкуле

  • 3.08.2009, 11:28

Пракуратура мае намер узяць у берасцейскага апазіцыянера Міхася Ілліна тлумачэнні адносна яго дзейнасці ў моладзевым руху.

Міхася Ілліна выклікаюць 5 жніўня ў пракуратуру Берасцейскай вобласці «для давання тлумачэнняў у сувязі з парушэннем Закона «Аб грамадскіх аб'яднаннях».

Пра гэта паведамляецца ў позве за подпісам пракурора аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў, старэйшага дарадцы А.С. Пунько.

«Выклік да пракурора для давання тлумачэнняў можа быць першым крокам для ўзбуджэння крымінальнай справы па сумна вядомым артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса РБ. Але, магчыма, гэта толькі чарговая спроба запалохаць моладзевых актывістаў», -- заявіў у інтэрв'ю mfront.net Міхась Іллін.

Позва аформленая няпэўна. У ёй не згадана, у якасці каго маладафронтаўца выклікаюць да пракурора. Таксама позва была кінутая ў паштовую скрыню, а не ўручаная пад подпіс, таму Міхась Іллін не збіраецца ісці ў пракуратуру.

Як паведаміў актывіст «Маладога фронту», гэта ўжо другая па ліку позва: першая прыйшла 22 ліпеня, але ў той час Іллін знаходзіўся за межамі Беларусі.

Нагадаем, што праваабаронцы называюць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі за «арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, якое не прайшло ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю» неканстытуцыйным. Сусветная супольнасць таксама заяўляе, што дзейнасць нефармальных аб'яднанняў не павінна карацца крымінальна, калі яна не наносіць шкоды грамадству і не парушае правы грамадзянаў.

Апошнія навіны