BE RU EN

Супраць удзельнікаў пікету ў Дзень незалежнасці складаюць абсурдныя пратаколы

  • 5.08.2009, 12:01

У дачыненні да актывіста «Маладога фронту» Вадзіма Бароўскага з Ліды склалі адміністрацыйны пратакол нібыта за дрэннае ўтрыманне дома і прылеглай тэрыторыі.

Так супрацоўнікі міліцыі расцанілі дзеянні ўдзельнікаў пікету 27 ліпеня ў дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

Моладзевыя актывісты нанеслі графіці «Свабоду палітвязням!» на падмурку дома і патрабавалі вызвалення палітвязня, удзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага. Калі апазіцыянеры расклейвалі інфармацыйныя ўлёткі пра палітвязня Арцёма Дубскага, іх затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў і адвезлі ў раённае аддзяленне міліцыі.

З маладых людзей узялі тлумачэнні і канфіскавалі некалькі ўлётак. Моладзевых актывістаў вызвалілі толькі праз 3 гадзіны.

Пратакол склалі толькі на Вадзіма Бароўскага і да пачатку суду моладзевага актывіста адпусцілі.

Нагадаем, што актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці».

«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежаванні волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

Апошнія навіны