BE RU EN

Венесуэльскія СМІ: «Беларусь – адсталая і жабрацкая краіна»

  • 5.08.2009, 13:57

Амбасада Венесуэлы распавяла, што мясцовыя незалежныя СМІ пішуць пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведамляе АФН, амбасада Венесуэлы ў Беларусі разаслала ў СМІ каментар адносна рашэння ўладаў гэтай лацінаамерыканскай краіны зачыніць больш за 200 прыватных радыёстанцыяў, 34 з якіх ужо пазбаўленыя ліцэнзіяў на вяшчанне, і ўвесці абмежаванне на вяшчанне кабельных і спадарожнікавых тэлеканалаў.

Венесуэльскі ўрад заявіў пра тое, што ён возьме радыёстанцыі ў рукі грамадства дзеля таго, каб «дэмакратызаваць радыёхвалі», а Уга Чавес праводзіць, паводле яго словаў, медыя-вайну супраць прыватных вяшчальнікаў, якіх ён абвінавачвае у супрацьдзеянні сваёй сацыялістычнай палітыцы.

У паведамленні амбасады абвяргаецца крытыка гэтага рашэння Уга Чавеса з выкарыстаннем такіх аргументаў, як «Канстытуцыя… робіць немагчымай цэнзуру ў СМІ з 1999 года» і «ніхто не перашкаджае (прыватным) СМІ крытыкаваць урады, прэзідэнта і каго яны пажадаюць… штодня». Паводле сцверджання амбасады, пазбаўленыя ліцэнзіяў 34 радыёстанцыі з'яўляюцца «піратамі», якія незаконна захапілі частоты і ажыццяўляюць вяшчанне.

Больш за тое, мэта такіх СМІ, якія развязалі «вайну чацвёртага пакалення» - стварыць падманнае ўяўленне ўнутры краіны і за яе межамі для спрыяння планам замежнага ўмяшальніцтва і ажыццяўлення дзяржаўнага перавароту.

Аднак беларускай грамадскасці будзе нашмат цікавей ведаць, што з узроўнем інфармаванасці ў незалежных СМІ Венесуэлы не ўсё так дрэнна.

Як сцвярджае амбасада, «паводле сфабрыкаваных стэрэатыпаў» венесуэльскіх незалежных медыя, Беларусь – «адсталая краіна, дзе існуе праблема голаду і галечы», «наступствы Чарнобыля прысутнічаюць у сухім малацэ, якое пастаўляецца ў Венесуэлу», і «мы не павінны нічога закупляць у гэтай краіне».

«Вы мяркуеце, што гэта праўда?», - такім пытанне сканчаецца паведамленне амбасады Венесуэлы ў Беларусі.

Адказваючы на гэтае пытанне з пункту гледжання ўладаў Беларусі, якія гэткім жа чынам клапоцяцца пра існаванне незалежных СМІ, можна абурана заявіць: «Вядома ж, гэта самая сапраўдная хлусня». Аднак, з пункту гледжання простых беларусаў адказаць на гэтае пытанне можна толькі сустрэчным пытаннем: «А Вы што, у гэтым сумняваліся?».

Апошнія навіны