BE RU EN

Глеб з-за траўмы не гатовы выступаць у асноўным складзе «Штутгарта»

  • 5.08.2009, 14:11

Беларускі паўабаронца нямецкага «Штутгарта» Аляксандр Глеб распавёў аб ходзе падрыхтоўкі да сезону.

«Амаль двое сутак выпалі з-за паездкі ў Барселону. Неабходна было вырашыць там нейкія аргпытанні, а галоўнае — атрымаць у нямецкім консульстве візу на права працы ў Нямеччыне, -- перадае «Прэсбол» словы Аляксандра Глеба. -- Злятаў у Гішпанію ўдала, усё паспеў зрабіць. Вярнуўся ў Штутгарт у суботу і ў другой палове дня пабываў на занятку з трэнерам па фізпадрыхтоўцы. У ім удзельнічалі хлопцы, якія не паехалі ў гэты дзень на кубкавую гульню».

Аляксандр Глеб заяўляе, што з-за нядаўняй траўмы яшчэ не гатовы выходзіць у стартавым складзе нямецкага клуба.

«Трэніраваўся з тэйпам на правым галенастопе. Пры рыўках у бок яшчэ адчуваю дыскамфорт, -- кажа беларускі футбаліст. -- Трэнер разумее, што я не паспею ў поўнай меры падрыхтавацца да матчу з «Вольфсбургам». «Барса» выйшла з адпачынку пазней за «Штутгарт», і мае трэніроўкі ў яе складзе абмежаваліся ўсяго пяццю днямі. Затым яшчэ здарылася гэтая злашчасная траўма. Зараз неабходна фарсіраваць працэс здабыцця кандыцыяў, а значыць, працаваць па ўзмоцненай праграме. Што я і раблю. Але ўсё роўна трэба час. Так што наўрад ці варта чакаць у найбліжэйшую пятніцу майго з'яўлення ў асноўным складзе. У лепшым выпадку выйду на замену».

Нагадаем, што Глеб вярнуўся ў нямецкую каманду, за якую выступаў у 2000-2005 годы. «Барселона» аддала беларускага футбаліста ў арэнду «Штутгарту» тэрмінам на адзін год.

Раней чакалася, што Аляксандр Глеб будзе аддадзены ў арэнду міланскаму «Інтэру». Ён павінен быў стаць звяном у пераходзе ў «Барселону» шведа Златана Ібрагімавіча, а ў «Інтэр» былі б адпраўленыя камерунец Самюэль Эта’О і Аляксандр Глеб. Але перамовы агента Глеба, Мікалая Шпілеўскага, з кіраўніцтвам міланскага клуба ні да чаго не прывялі.

Апошнія навіны