Пётр Марцаў: «Гэта не хаос, гэта запор»
- 5.08.2009, 17:18
Сітуацыю з адменай урадавай пастановы №991 пракаментаваў рэдактар «Беларускай дзелавой газеты».
«Нашая эканоміка пабудаваная такім чынам, што на дзяржаўных прадпрыемствах вісяць усе прыватныя прадпрыемствы, які займаюцца продажам і перапродажам, --заявіў у інтэрвью «Радыё Свабода» рэдактар «БДГ» Пётр Марцаў. -- Відаць, урад збіраўся вырубіць гэты сегмэнт рынку. Атрымалася, што гэтая пастанова закранула прадпрыемствы ўсіх формаў уласнасці і практычна б спыніла працу ўсіх прадпрыемстваў -- і прыватных, і дзяржаўных.
Па словах Марцава, у сітуацыі, якая склалася, прафесійна спрацавалі саюзы прадпрымальнікаў.
«У гэтай сітуацыі прафесійна спрацавалі прадпрымальніцкія саюзы, спрацавалі і праз урад, і праз адміністрацыю. Упершыню да голасу прафэсійных удзельнікаў рынку прыслухаліся. Але і ўпершыню была прынятая такая непрафесійная пастанова.
Яна закранула інтарэсы ў тым ліку і прыватнага «паддашнага» бізнэсу, у якім зацікаўленыя вельмі многія чыноўнікі вышэйшага рангу. Паколькі пастанова закранула і іх інтарэсы, а ня толькі малых і сярэдніх прадпрымальнікаў, яна была так імгненна скасаваная. Я б не назваў гэтую сітуацыю хаосам. Але ўрад і кіраўніцтва краіны ў гэтых няпростых эканамічных умовах з усё большай цяжкасцю прымаюць рашэнні. Існуе тэндэнцыя да таго, што ўрад, асобныя ведамствы імкнуцца не прымаць рашэнні, а перакладаць іх «наверх». Адпаведна «верх» перагружаны неабходнасцю прымаць рашэнні па многіх дробных пытаньнях. Гэта не хаос, а хутчэй ступар. Ці запор».