Стэфановіч: «Улады спрабуюць увесці ў зман міжнародную супольнасць»
- 11.09.2009, 9:36
Улады не сталі караць апазіцыянераў адміністрацыйнымі арыштамі, «каб не псаваць паказчыкаў».
17 удзельнікаў вулічнай акцыі пратэсту супраць увядзення расейскіх войскаў на беларускую тэрыторыю былі аштрафаваныя судом Цэнтральнага раёна сталіцы. Суды праходзілі ў закрытым рэжыме. Усе затрыманыя атрымалі штрафы ад 175 тысячаў да 875 тысячаў рублёў. Самымі вялікімі штрафамі былі пакараныя актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бародка і лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч.
Па словах праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, вызваленыя пасля судоў людзі распавядалі, што іх пасля затрымання збівалі — і ў аўтазаку, і ў міліцэйскім участку. Па фактах гэтых незаконных дзеянняў праваабаронцы будуць звяртацца ў пракуратуру.
Як адзначае Стэфановіч, беларускія ўлады пачалі ўжываць тактыку пазбягання пакарання апазіцыянераў адміністрацыйнымі арыштамі, «каб не псаваць паказчыкаў».
«Такая іх тактыка, накіраваная, відавочна, на ўвядзенне ў зман міжнароднай супольнасці, у першую чаргу структураў Еўразвяза, якія ў лістападзе будуць слухаць пытанне аб адмене альбо працягу санкцыяў адносна Беларусі. Абсалютна памылковая. Мы засведчым, што ад такіх дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, беларускіх уладаў свабода мірных сходаў усё роўна не рэалізуецца. Яна заставалася вельмі абмежаванай, такой і застаецца», – сказаў праваабаронца ў інтэрв'ю «Еўрарадыё».