BE RU EN

Жыхары Гомельшчыны расстрэльвалі замежнікаў дзеля ежы і грошай

  • 16.09.2009, 16:59

У Магілёўскай вобласці міліцыянты затрымалі трох мужчын, якія падазраюцца ў серыі рабаванняў і забойстваў замежнікаў.

Разбойныя нападзенні злачынцы здзяйснялі на аўтастаянках, калі іх ахвяры спыняліся для адпачынку.

Затрыманых падазраюць у забойствах чатырох чалавек. Толькі адна шлюбная пара здолела выратавацца ад нападаючых, пасля чаго паказанні пацярпелых дазволілі ўсталяваць злачынцаў, паведамляе БелТА са спасылкай на першага намесніка начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Палішчука.

«Супрацоўнікі УУС Магілёўскага аблвыканкама сумесна з калегамі з Гомельскага УУС і МУС Беларусі затрымалі траіх жыхароў Гомельскай вобласці», - адзначыў Палішчук. Іх падазраюць у здзяйсненні чатырох разбойных нападзенняў на аўтамашыны замежных грамадзян, якія спыняліся для адпачынку ў начны час на абсталяваных аўтастаянках па трасе Санкт-Пецярбург - Адэса. Усе злачынствы здзяйсняліся на тэрыторыі Магілёўскага і Быхаўскага раёнаў у перыяд з 25 ліпеня па 13 верасня.

«Падазраваныя 37, 40, 45 гадоў нідзе не працавалі, аднак мелі сем'і», - дадаў намначальніка УУС. Ніхто з іх раней не быў судзімы.

Мяркуецца, што злачынцы выязджалі на аўтамабільную трасу глыбокай ноччу, знаходзілі машыны з замежнымі нумарамі, якія спыніліся на аўтастаянках, пасля чаго спакойна расстрэльвалі людзей, якія знаходзіліся ў салоне аўтамабіля. Затым бандыты завалодвалі маёмасцю пацярпелых.

Выратавацца ад нападаючых атрымалася толькі двум жыхарам Санкт-Пецярбурга. Муж і жонка вярталіся з Украіны дадому і спыніліся адпачыць у 3 гадзіны ночы 25 ліпеня. Адразу пасля нападзення паранены мужчына здолеў завясці аўтамашыну і на вялікай хуткасці яны схаваліся ад бандытаў.

Даехаўшы да першай аўтазаправачнай станцыі (АЗС) каля Магілёва, аўтатурысты паведамілі аб нападзенні і здолелі апісаць нападаючых.

У астатніх трох выпадках зламыснікамі былі забітыя два грамадзяніны Расеі і два грамадзяніны Малдовы. Адзін аўтамабіль бандыты спалілі, а два ў іх былі адабраныя пасля затрымання.

Падчас аператыўна-следчых мерапрыемстваў знойдзеныя і трупы забітых людзей, якія бандыты закапалі недалёка ад месцаў здзяйснення злачынстваў. Таксама следчыя выявілі два пісталеты, якія выкарысталі нападаючыя. Зброю яны кінулі ў лесе, калі спрабавалі схавацца. Знойдзены і іншыя прадметы, якія пацвярджаюць удзел затрыманых у здзяйсненні злачынстваў.

Па словах намначальніка УУС, падазраваныя ўжо пачалі даваць паказанні. Яны прызналіся ў здзяйсненні чатырох разбойных нападаў і забойстве чатырох чалавек.

Дадамо, што падследныя станоўча характарызуюцца знаёмымі і не маюць ярка выяўленых дрэнных звычак. Усе яны добра фізічна складзеныя і падрыхтаваныя. Адзін з іх займаўся джыў-джытсу і навучаў баявому мастацтву сваіх змоўшчыкаў.

Супраць затрыманых узбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт.139 і ч.2 арт.207 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Следства працягваецца.

Апошнія навіны