BE RU EN

Новым спікерам Літвы стала жанчына

  • 17.09.2009, 14:38

Сейм Літвы прагаласаваў у чацвер за прызначэнне першага намесніка старшыні парламента Літвы Ірэну Дэгутэне на пасаду спікера.

Ранейшага спікера Арунаса Валінскаса літоўскі парламент у аўторак адправіў у адстаўку з-за падазронаў у яго сувязях з крыміналам. Падставай для абвяшчэння вотума недаверу сталі фотаздымкі, што з’явіліся ў пачатку жніўня ў інтэрнэце, на якіх Валінскас быў зняты з людзьмі, нібы, з атачэння вядомага крымінальнага аўтарытэта Літвы. На рэпутацыі спікера адмоўна сказаўся і развал Партыі народнага адраджэння, якую ён узначальвае і з якой у сярэдзіне ліпеня выйшлі шэсць дэпутатаў, паведамляе РИА Новости.

У адпаведнасці са статутам парламента, пасля таго, як старшыня парламента адкліканы з пасады, выбары на гэтую пасаду праводзяцца на найбліжэйшым пасяджэнні.

Прызначэнне Дэгутэне падтрымалі 87 дэпутатаў парламента, супраць прагаласавалі 48 чалавек. Першы раз у гісторыі незалежнай Літвы спікерам Сейма стала жанчына.

Кандыдатура Дэгутэне на пост спікера была адзінай прапанаванай. На гэту пасаду яе вылучыла самая буйная партыя правячай кааліцыі Саюз бацькаўшчыны – Хрысціянскія дэмакраты.

Пасля выбараў 2008 года правячую кааліцую стварылі чатыры партыі: Саюз бацькаўшчыны – Хрысціянскія дэмакраты (45 месцаў у парламенце), Саюз лібералаў (11 месцаў), Саюз лібералаў і цэнтра (дзевяць месцаў) і Партыя народнага адраджэння (ПНА – 17 месцаў), якая нядаўна падзялілася на дзве фракцыі – Дуба (сем месцаў) і «Адзіная Літва» (13 месцаў) – абедзве фракцыі пакуль застаюцца ў кааліцыі.

Апазіцыю складаюць Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы (25 месцаў у парламенце), партыя «Парадак і справядлівасць» (17 месцаў), Партыя працы (10 месцаў) і тры незалежныя дэпутаты.

Апошнія навіны