BE RU EN

Кіраўніцтва «Белтрансгаза» абвінавацілі ў растратах і неэканомнасці

  • 17.09.2009, 16:45

Беларуская транспартная пракуратура правяла праверку дзейнасці ААТ «Белтрансгаз».

Пра гэта паведамілі карэспандэнту БелТА ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Асноўную ўвагу падчас праверкі надалі выкананню патрабаванняў дырэктываў Лукашэнкі №1, 2, 3, што тычацца забеспячэння вытворчай бяспекі і захаванасці ўласнасці. Вынікі праверкі сведчаць пра тое, што ААТ «Белтрансгаз» працуе эканамічна стабільна. Разам з тым транспартнымі пракурорамі выяўлены факты, якія сведчаць пра недастаткова эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных сродкаў», - адзначылі ў Генпракуратуры.

Так, у Гомельскім упраўленні магістральных газаправодаў (УМГ) у 2005 годзе былі ўведзены ў строй ачышчальныя канструкцыі коштам Br67 млн. Але з-за неэфектыўнасці працы гэтых збудаванняў сцёкавыя воды вывозяцца на ачышчальныя збудаванні Гомеля, на што з 2006 года выдаткавана каля Br100 млн. Тым не менш, дзейсных мер па ліквідацыі недахопаў у працы ачышчальных збудаванняў дагэтуль прынята не было.

Акрамя таго, у Нясвіжскім УМГ выяўлены факт неабгрунтаваных выплат прэмій і даплат за сумяшчэнне пасадаў, прысваенне службовых катэгорый без належнай кваліфікацыі. У Маладзечанскім ўпраўленні буравых работ неабгрунтавана ажыццяўляецца аплата працы ў выходныя і святочныя дні, не звязанай з вытворчай неабходнасцю.

Што тычыцца пытанняў забеспячэння вытворчай бяспекі і аховы працы, у апараце і структурных падраздзяленнях ААТ «Белтрансгаз» да парушальнікаў працоўнай дысцыпліны не ўжываюцца прадугледжаныя законам меры адказнасці, - падкрэслілі ў Генеральнай пракуратуры. Сёлета кіроўца Менскага УМГ памёр пры выкананні працоўных абавязкаў ад тэрмічных апёкаў, атрыманых ад узгарання аўтобуса. Слесар-рамонтнік Слонімскага УМГ атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму пры рабоце маставога крана.

Праца па выкананні патрабаванняў Дырэктывы №3 «Эканомія і беражлівасць - галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы» у ААТ «Белтрансгаз» і падраздзяленнях у цэлым арганізаваная ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Аднак падчас праверак усталявана, што кіраўніцтва прадпрыемстваў падыходзіць фармальна да выканання запланаваных мерапрыемстваў, рэальная эканомія энергарэсурсаў не кантралюецца і не адсочваецца.

Таксама праверкай выяўленыя шматлікія парушэнні працоўнага заканадаўства пры складанні графікаў прац і адпачынкаў, азнаямленні з загадамі, прыцягненні да працы ў выходныя і святочныя дні, атэстацыі працоўных месцаў.

Транспартнымі пракурорамі прынятыя меры рэагавання па ўхіленні выяўленых парушэнняў заканадаўства. Усяго па выніках праверкі кіраўнікам структурных падраздзяленняў вынесена 9 прадстаўленняў, 4 прадпісанні, прынесены 4 пратэсты, 5 службовых асоб прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, 3 - да матэрыяльнай, 8 - да дысцыплінарнай.

Апошнія навіны