BE RU EN

Арышты апазіцыянераў на «Дажынках» у Кобрыне (Абноўлена)

  • 19.09.2009, 14:35

Напярэдадні прыезду ў горад Лукашэнкі быў арыштаваны кіраўнік мясцовай арганізацыі Партыі БНФ Аляксандр Мех.

Сёння ў Кобрыне праходзіць так званае свята ўраджая – «Дажынкі», якое святкуецца ў Беларусі кожны год з вялікім размахам. На свята прыбыў Аляксандр Лукашэнка. Напярэдадні яго прыезду быў арыштаваны кіраўнік мясцовай арганізацыі Партыі БНФ Аляксандр Мех.

У момант затрымання Мех паспеў набраць тэлефон журналістаў сайта www.charter97.org, але сказаць нічога не змог – мы толькі чулі, як палітыка арыштоўвалі з ужываннем сілы.

Як паведаміў пазней сайту www.charter97.org адзін з лідэраў Партыі БНФ Вінцук Вячорка, Аляксандра Меха арыштавалі ў цэнтры Кобрына разам з непаўнагадовым сынам, «калі верталёт з Лукашэнкам якраз кружыў над горадам». Затрыманне рабілі невядомыя людзі ў цывільным. Актывіста Партыі БНФ даставілі ў мясцовы РАУС.

У аддзяленні міліцыі ў дачыненні да Аляксандра Меха склалі пратакол затрымання, у якім кажацца, што палітык быў затрыманы нібыта «па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, якое непасрэдна ўзнікла». Паводле сцверджання міліцыянтаў, у дзяжурную частку патэлефанаваў ананім і паведаміў, што Мех накіроўваецца ў цэнтр горада, дзе праходзяць святочныя мерапрыемствы, са зброяй.

Зразумела, што ніякай зброі ў актывіста Партыі БНФ не было, але ў РУУС яго пратрымалі больш за тры гадзіны.

«На ўсіх падобных мерапрыемствах робіцца ўсё, каб ізаляваць апазіцыю. Бесцырымонна, незаконна могуць схапіць любога чалавека, і ніхто ў гэтай краіне ад гэтага не абаронены», -- сказаў Мех пасля вызвалення сайту www.charter97.org.

Вінцук Вячорка таксама паведаміў, што да яшчэ аднаго актывіста Партыі БНФ Станіслава Чарнецкага прыйшлі сёння раніцай супрацоўнікі КДБ. Некалькі гадзінаў тыя знаходзіліся ў кватэры актывіста, не даючы яму выйсці з хаты.

«Гэта аперацыя па затыканні глотак, каб у дзень прыезду Лукашэнкі ў горадзе ўсё было пад кантролем. Створаная сістэма масавага страху і халуйства чыноўнікаў і міліцыі, якія перад прыбыццём манарха расчышчаюць прастору, каб не было нават намёку на іншадумства», -- пракаментаваў тое, што адбылося, Вячорка.

Апошнія навіны