«Новая газета»: Расейскі спецназ бароніць крымінальных аўтарытэтаў
- 21.09.2009, 15:09
Камандуюы ПДВ Расеі Уладзімір Шаманаў накіраваў дзве групы спецназу, каб абараніць ад вобшуку завод свайго зяця - злачыннага аўтарытэта Аляксея Храмушына па мянушцы Глыба, сцвярджае «Новая газета».
18 жніўня 2009 года спецназаўцам было загадана перахапіць следчага па асоба важных справах СКП па Маскоўскай вобласці Алега Цэліпоткіна, які ехаў на прадпрыемства холдынгу «Спорттэк».
Пра тое, што генерал Шаманаў абараняў інтарэсы Храмушына, які аб’яўлены ў міжнародны вышук па абвінавачванні ў забойстве, вядома з тэлефонных перамоў, запісы якіх трапілі ў распараджэнне «Новай газеты». Судзячы па расшыфроўцы, Шаманаў загадаў дзвюм групам спецназа затрымаць следчага да свайго прыезду. У выніку Шаманаў не прыехаў, а канфлікт быў нейкім чынам уладжаны.
Аляксей Храмушын паводле міліцэйскіх зводак лічыцца актыўным чальцом татарскай злачыннай групоўкі. Татарская АЗГ, якая з'явілася ў 1990-я гады, займалася вымагальніцтвам, зброяй, наркотыкамі і рэкетам, у наступным зацікавілася нерухомасцю. Сёння чальцам татарскай групоўкі належыць больш за дзясятак падмаскоўных прадпрыемстваў, асноўная каштоўнасць якіх - зямля.
Храмушын-Глыба з'яўляецца аднаасобным уладальнікам холдынга «Спорттэк», на долю якога прэтэндуе дачка генерала Шаманава і ў савет дырэктараў якога ўваходзіць яго сын. Галоўная каштоўнасць прадпрыемства - нерухомасць і зямля. Сёння капіталізацыя «Спорттэка» ацэньваецца ў 20-25 млн даляраў. Храмушын, па аператыўнай інфармацыі, хаваецца за мяжой, а яго даверанай асобай у Расеі выступае Юрый Шаманаў, сын камандуючага ПДВ.
Уладзімір Шаманаў адмовіўся адказваць на пытанні пра канфлікт вакол «Спорттэка». Ён адзначыў, што ўсе пытанні па гэтай справе «тычацца яго асабістага жыцця», яны заснаваныя на чутках, а часам носяць і адкрыта правакацыйны характар.