Міжнародная Федэрацыя журналістаў прыехала ў Беларусь з інспекцыяй
- 21.09.2009, 16:09
21-23 верасня ў Менску працуе місія міжнародных арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў журналістаў, пытаннямі свабоды выказвання і развіцця СМІ.
Пра гэта паведаміла БелаПАН старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.
Місія сфармаваная пад эгідаю Міжнароднай федэрацыі журналістаў. У яе склад увайшлі восем экспертаў, якія прадстаўляюць Міжнародную федэрацыю журналістаў, Дацкі саюз журналістаў, Міжнародны цэнтр падтрымкі СМІ (IMS), ЮНЕСКА і інстытут «Адкрытае грамадства».
Мэта візіту міжнародных экспертаў — вывучэнне сітуацыі са свабодай прэсай у Беларусі і ацэнка змен у гэтай галіне, што адбыліся за апошні час.
У праграме візіту запланаваныя сустрэчы з кіраўнікамі і супрацоўнікамі шэрагу дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, прадстаўнікамі Міністэрства інфармацыі, офіса АБСЕ ў Менску і дзвюх журналісцкіх арганізацый: БАЖ і Беларускага саюза журналістаў. 22 верасня місію прыме намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч.
Па выніках візіту будзе зроблена заява і падрыхтаваны даклад аб сітуацыі ў галіне СМІ ў Беларусі.