BE RU EN

Апазіцыянераў пакаралі за ўсталяванне памятных крыжоў

  • 24.09.2009, 9:19

9 верасня ў наваколлі Вілейкі быў усталяваны памятны чатырохканцовы крыж з таблічкай са словамі «Героям Беларусі».

На дэмакратычных актывістаў Вілейкі (Менская вобласць), якія ініцыявалі ўзвядзенне крыжоў на месцы расстрэлу стваральніка і кіраўніка Мядзельска-Смаргонскай нелегальнай моладзевай антысавецкай арганізацыі Расціслава Лапіцкага, складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Вілейскай арганізацыі Партыі БНФ Аляксей Сюдак.

Паводле яго словаў, 1 верасня, у дзень нараджэння Лапіцкага, у наваколлі Вілейкі ля вёскі Чырвоны Беражок прадстаўнікі грамадскасці ўсталявалі два драўляныя мемарыяльныя крыжы. На шасціканцовым крыжы была прымацаваная таблічка з тэкстам «Расціслаў Лапіцкі (1.ІХ.1928—28.Х.1950). Змагар за незалежнасць Беларусі», а на чатырохканцовым крыжы — таблічка з тэкстам «Ахвярам рэпрэсіяў ад грамадскасці Смаргоні». 9 верасня быў усталяваны трэці памятны чатырохканцовы крыж з таблічкай са словамі «Героям Беларусі». Усе крыжы вышынёй каля чатырох метраў былі вырабленыя мясцовымі актывістамі і асвечаныя.

10 верасня прадстаўнікі мясцовых уладаў знеслі гэтыя крыжы. «Вось чаму 15 верасня я і актывісты Партыі БНФ Алесь Наркевіч, Аляксандр Сыракваша і Сяргей Фрол, а таксама актывіст АГП Уладзімір Малярчук напісалі заяву ў Вілейскі РАУС па факце зносу крыжоў. Аднак 19 верасня мяне, Наркевіча і Малярчука выклікалі ў міліцыю, дзе ўчастковы склаў на нас пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на падставе звароту мясцовых уладаў і дырэктара Вілейскага лясгаса», — сказаў Сюдак.

Усталяванне крыжоў у лесе і ўскладанне кветак на месцы расстрэлу Лапіцкага ніяк нельга назваць мітынгам, адзначыў ён, паколькі на мітынгах людзі выказваюць патрабаванні, абмяркоўваюць сацыяльна-палітычныя пытанні, акцэнтуюць увагу на праблемах. «У сваіх жа выступах удзельнікі памінання казалі толькі пра тое, што месца расстрэлу Лапіцкага з'яўляецца мемарыялам і грамадзяне Беларусі павінны памятаць сваіх герояў», — падкрэсліў Сюдак.

Нагадаем, што ў канцы красавіка мінулага года на месцы гібелі Лапіцкага быў знішчаны памятны камень.

Расціслаў Лапіцкі, па сведчанні відавочцы, у ноч з 27 на 28 кастрычніка 1950 года ў лесе пад Вілейкай адмовіўся ад памілавання і быў расстраляны супрацоўнікамі савецкіх сілавых структураў.

Апошнія навіны