Беларусаў прымусяць набываць айчынныя лекі
- 4.09.2009, 13:30
Міністэрства аховы здароўя распаўсюдзіла інфармацыйны ліст «Аб рэалізацыі ў аптэках вырабаў медыцынскага прызначэння» №12-1-10/831-838 ад 28 жніўня.
Ён прымушае да гандлю айчыннымі лекамі. Намеснік міністра аховы здароўя В.Шаўчук загадвае кіраўнікам юрыдычных асоб усіх формаў уласнасці і індывідуальным прадпрымальнікам, маючым ліцэнзіі на фармацэўтычную дзейнасць на працы і паслугі, звязаныя з рознічнай рэалізацыяй лекавых сродкаў, «скласці дамовы на пастаўку прадукцыі наступных прадпрыемстваў:
РУП «Баранавіцкае баваўнянае аб'яднанне» (г.Баранавічы, вул.Фабрычная,7) - марля медыцынская, марлевыя адрэзы, бінты медыцынскія нестэрыльныя;
НВУП «Сірынга» Грамадскага аб'яднання «Беларуская супольнасць інвалідаў» (г.Менск, пр.Партызанскі,91-3) - марлевыя адрэзы, бінты медыцынскія нестэрыльныя і стэрыльныя;
ААТ «Медпласт» (г. Гомель, вул.Аб'язная,12) - шпрыцы аднаразовыя аб'ёмам 2, 5, 10, 20 і 1 мл;
СААТ «Медватфарм» (г. Гародня,вул.Горкага,91) і ЗАТ «Беласептыка» (Менская вобл., в.Цнянка Менскага раёна, Ваенны гарадок 137 «А», адміністрацыйны будынак ЗАТ «Беласептыка», пакой 7) - вата медыцынская гіграскапічная хірургічная і гігіенічная, стэрыльная і нестэрыльная (у тым ліку кіпная, фасаваная)», перадае тэкст інфармацыйнага ліста Мінздрава «Белорусский партизан».
«Адначасова ў сувязі з тым, што вынікі праверак, праведзеных у 2009 годзе Міністэрствам аховы здароўя, паказалі адсутнасць у асартыменце некаторых аптэк вышэйпералічаных вырабаў медыцынскага прызначэння айчыннай вытворчасці, прапануем кіраўнікам забяспечыць іх закуп і сталую наяўнасць у аптэках», - гаворыцца ў лісце.