Палітыкі пра абраньне Янукевіча: «Час пакажа»
- 6.09.2009, 21:21
Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякіні, Станіслаў Шушкевіч і Павал Севярынец камэнтуюць абраньне Аляксея Янукевіча на пасаду старшыні партыі БНФ.
У каментары для «Радыё Свабода» старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў, што «новая мятла па-новаму мяце».
«Усё вырашаюць дэмакратычныя працэдуры. Калі большасьць дэлегатаў вырашылі, што гэта так, то ўсе астатнія павінны паважаць абраных праз дэмакратычную працэдуру. Баршчэўскі – гэта яснасьць, зразумеласьць, прагназуемасьць. У гэтым быў пэўны камфорт для мяне асабіста. Зараз я проста ня ведаю куды – направа, налева, наперад ці назад - будзе рухацца Аляксей і яго каманда. Трэба будзе сустракацца, праводзіць перамовы. Высьвятляць, якія іх пляны і што будзе далей».
Як паўплывае на дзейнасьць АДС абраньне старшынём Партыі БНФ Аляксея Янукевіча? Лідэр ПКБ Сяргей Калякін сказаў:
«Паглядзім, як гэта будзе. Абраньне кіраўніцтва арганізацыі – справа самой арганізацыі. Я добра ведаю Аляксея Янукевіча, мы разам узаемадзейнічалі. У мяне няма да яго ніякай прадузятасьці. Як яны будуць далей ўзаемадзейнічаць з АДС -- гэта справа Фронта. Пажывём, пабачым. У любой арганізацыі ёсьць барацьба за лідэрства, унутраныя супярэчнасьці. І тое, што адбылася зьмена кіраўніцтва – гэта ўнутраная справа БНФ. Для нас нічога не памянялася. Мы працавалі не з пэрсаналіямі, мы працягваем працаваць з БНФ у рамках АДС, добра разумеючы, што ў нас ёсьць многа супярэчнасьцяў і адна агульная справа – вяртаньне Беларусі на шлях дэмакратыі».
Камэнтуючы зьмены ў кіраўніцтве Партыі БНФ, былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч адзначыў:
«Янукевіч – станоўчая постаць, але яму яшчэ доўга ўздымацца да ўзроўню Баршчэўскага. Але ён мне падабаецца, гэта прыстойны малады чалавек».
Адносна таго, ці прывядзе гэта да зьменаў у супрацы з АДС, Станіслаў Шушкевіч сказаў, што тут «пара ўжо каб прывяло».
«Я ніколі не хаджу на мерапрыемствы АДС, бо яна пагразла ў ляпідарнай творчасьці, якая ніякай карысьці не прыносіць», - адзначыў палітык.
Камэнтуючы абраньне новага кіраўніцтва Партыі БНФ, лідэр БХД Павал Севярынец сказаў:
«Аляксей Янукевіч, Уладзімэр Лабковіч – гэта маладафронтаўцы. Зь імі мы калісьці марылі, якім магутным мы зробім БНФ, якія зьмены патрэбны ў самім БНФ, каб ён мог зьмяніць Беларусь. Я шчыра рады за хлопцаў і віншую зь перамогай. БХД разам з абноўленым БНФ будуць наймацнейшымі хаўрусьнікамі, каб вярнуць лідэрства нацыянальнаму руху. З гэтага моманту пачнецца вяртаньне лідэрства нацыянальнаму руху Беларусі, якое калісьці было страчана», -- сказаў Севярынец.