Чавеса чакаюць у Менску ўжо заўтра
- 7.09.2009, 14:49
Крыніца ў афіцыйных структурах паведаміла БелаПАН, што, верагода прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес прыбудзе ў Беларусь 8 верасня.
У прэс-службе прэзідэнта Беларусі і амбасадзе Венесуэлы гэту інфармацыю пакуль не пацвярджаюць.
Пра свае планы наведаць Беларусь Уга Чавес заявіў 30 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мехіка. Прэзідэнт Венесуэлы, у прыватнасці, паведаміў, што накіроўваецца ў 11-дзённае замежнае турнэ, падчас якога мае намер наведаць Лівію, Алжыр, Сірыю, Іран, Расею і Беларусь.
Пры гэтым Чавес не выключыў, што ў маршрут ягонай паездкі могуць быць унесеныя карэктывы, аднак, не ўдакладніў, якія менавіта.
«Мэта візіту – умацаванне палітычных, энергетычных і ваенных сувязяў з гэтымі краінамі», - сказаў Чавес. Ён падкрэсліў, што яго паездка ўпісваецца ў межы палітычных і эканамічных мэтаў Венесуэлы, і гэтыя мэты «дэманструюць дынамізм знешняй палітыкі баліварыянскай рэвалюцыі».
Па паведамленнях замежных інфармагенцтваў, зараз прэзідэнт Венесуэлы знаходзіцца з кароткатэрміновым візітам у Туркменістане.
Уга Чавес наведваў Беларусь тройчы – у 2006, 2007 і 2008 гадах.