BE RU EN

«Маладому Фронту» -- 12 гадоў

  • 8.09.2009, 8:57

Беларуская апазіцыйная арганізацыя «Малады Фронт» адзначыла 12-годдзе ўрачыстай вечарынай, якая прайшла 7 верасня ў памяшканні офіса Партыі БНФ.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі палітыкі, якія стаялі ля вытокаў «Маладога Фронту», — Вячаслаў Сіўчык, Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, а таксама партнёры арганізацыі – каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, рэгіянальны каардынатар Еўрапейскай Беларусі Зміцер Бародка, вядомыя грамадскія дзеячы: першы Кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, народная артыстка краіны Зінаіда Бандарэнка, праваабаронца Валеры Шчукін, мастак Алесь Марачкін і інш.

У межах вечарыны прайшла прэзентацыя кнігі «Маладафронтаўцы», у якой выкладзеныя гісторыі 50 чалавек, што зрабілі найбольшы ўнёсак у развіццё арганізацыі. Таксама быў паказаны фільм пра «Малады Фронт».

Як заявіў БелаПАН першы лідэр «Маладога Фронту» Павал Севярынец, касцяк арганізацыі склаўся падчас масавых акцыяў пратэсту ў 1996 годзе. «У 1997 годзе прайшоў першы з'езд арганізацыі, дзе «Малады Фронт» склаўся як нацыянальна арыентаваны моладзевы рух. Тады арганізацыя была складовай часткай Партыі БНФ, аднак дэ-факта існавала як аўтаномная арганізацыя», — сказаў Севярынец.

Паводле яго словаў, за 12 гадоў арганізацыя ажыццявіла шмат праектаў, накіраваных на ўцягванне моладзі ў дэмакратычны рух, актыўна ўдзельнічала ва ўсіх выбарчых кампаніях, праводзіла адукацыйныя, спартовыя і культурніцкія мерапрыемствы. «У межах праграмы «Ды-джэі Адраджэння» сотні маладых людзей прайшлі навучанне па розных дысцыплінах і сталі лідэрамі ў розных арганізацыях. Было праведзена больш за 1000 конкурсаў «Шоў Беларушчыны» ва ўсіх рэгіёнах краіны з мэтай падвышэння ведаў маладых людзей па гісторыі, культуры і сучаснасці Беларусі. Менавіта «Малады Фронт» стаў заснавальнікам «Беларускай музычнай альтэрнатывы» — ініцыятывы, якая паспяхова дзейнічае і сёння, а таксама «Беларускага відэаклюба», які дагэтуль займаецца перакладам папулярных фільмаў на беларускую мову», — адзначыў Севярынец.

«Новы старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч — таксама выхадзец з «Маладога Фронту». І такіх людзей можна пералічваць бясконца», — заявіў Севярынец.

Цяперашні старшыня арганізацыі Зміцер Дашкевіч лічыць, што, нягледзячы на ціск уладаў, арганізацыя працуе паспяхова. «Зараз «Малады Фронт» — гэта прыкладна паўтары тысячы актывістаў. Арганізацыя праводзіць шмат кампаніяў. Гэта і вулічныя акцыі, і культурніцкія акцыі», — сказаў Дашкевіч.

Апошнія навіны