Актывісты апазіцыі пікетавалі амбасаду Расеі ў Менску
- 8.09.2009, 16:56
Супрацоўнікі АМАПу затрымалі актывістаў «Маладога Фронта» Міколу Дземідзенку і Маргарыту Кароль.
Маладыя апазіцыянеры спрабавалі разгарнуць расцяжку ля будынку расейскай амбасады ў Менску, паведамляе «Радыё Свабода».
Супрацоўнікі міліцыі пачалі адбіраць расцяжку. Дземідзенку працягнулі па зямлі разам з транспарантам, а затым затрымалі. Што было напісана на транспаранце, не паведамляецца.
Міліцыянты выклікалі супрацоўнікаў АМАПу, якія пасля адвезлі затрыманых у Цэнтральнае РУУС.
Мікола Дземідзенка паспеў паведаміць «Радыё Свабода», што мэта акцыі — прыцягнуць увагу грамадскасці да Дня беларускай вайсковай славы, які адзначаецца 8 верасня, а таксама да стасункаў Беларусі з Расеяй, якія нясуць пагрозу незалежнасці нашай краіны.